Расійская тэнісістка Марыя Шарапава трапіла ў допінг-скандал

Расійская тэнісістка Марыя Шарапава трапіла ў допінг-скандал

Расійская тэнісістка Марыя Шарапава трапіла ў допінг-скандал. У Лос-Анджэлесе яна правяла прэс-канферэнцыю, на якой заявіла, што ў студзені сёлета не прайшла тэст на допінг падчас турніру Вялікага шлему ў Аўстраліі. Шарапава прызналася, што на працягу дзесяцігоддзя прымала прэпарат мільдранат (мельдоній), які выпісаў яе лекар. Аднак з пачатку 2016-га ён трапіў у лік забароненых. У выніку яе допінг-проба дала станоўчы вынік. Марыя Шарапава падкрэсліла, што працяглы час прымала прэпарат легальна, інфармуе ВВС.

Папярэдне тэнісістку адхілі ад удзелу ў спаборніцтвах з 12 сакавіка. Мяркуецца, што яе могуць даскваліфікаваць на 4 гады. "Я зрабіла вялікую памылку, — кажа Шарапава. — Я падвяла заўзятараў, я падвяла спорт... Я ведаю, якія наступствы мне пагражаюць, і я не хачу заканчваць сваю кар'еру такім чынам, і спадзяюся, што мне дадуць другі шанец. Ведаю, што многія з вас думалі, што сёння я абвяшчу аб завяршэнні кар'еры. Але калі б я збіралася аб'явіць аб завяршэнні кар'еры, я б, верагодна, не стала рабіць гэта ў гатэлі ў Лос-Анджэлесе з такім жахлівым дываном".

Як стала вядома, вытворца спартыўнай экіпіроўкі Nike прыпыніў супрацоўніцтва з Марыяй Шарапавай (гэтае супрацоўніцтва давала ёй да 30 млн долараў штогод).

Шарапавай 28 гадоў. У мінулым яна першая ракетка свету, цяпер жа ўваходзіць у першую дзясятку. Тэнісістка мае беларускія карані. Яе бацькі жылі ў Гомелі, але з'ехалі ў Расію пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Расійская тэнісістка Марыя Шарапава трапіла ў допінг-скандал
Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі