Расійскі вайсковец згубіў картку ў клубе Мазыра і выдаў сваю ракетную часць

Данііл Кабакоў

Данііл Кабакоў / "Вконтакте"

27 снежня ў мазырскай групе аб'яў пра страту рэчаў з'явілася паведамленне пра згубленую расійскую вайсковую картку, піша "Флагшток".

Абвестку напісаў расійскі вайсковец — 19-гадовы Данііл Кабакоў. Ён згубіў карту ў начным клубе NumberOne у цэнтры Мазыра і заўважыў, што з яе сталі спісвацца сродкі. У аб'яве ён прыгразіў:"Аддай карту па-добраму або знойдзем самі".

Кабакоў нарадзіўся ў Свярдлоўскай вобласці РФ. У апісанні свайго профілю ён пакінуў сапраўднае імя і прозвішча. Акрамя таго, указаў сапраўдны нумар вайсковай часці, у якой служыць — в/ч 31458. Гэта ўмоўная назва 1530-га зенітнага ракетнага палка, размешчанага ў Камсамольску-на-Амуры (Хабараўскі край РФ). Таксама салдат указаў час службы — 2023-2025 гады.

Уся гэтая інфармацыя пацвярджаецца пры дапамозе кадра з відэа Кабакова. Паўгода таму ён зняў для TikTok ролік, у якім ён у вайсковай форме шарагоўца з імянным патчам стаіць на фоне лагатыпа, які нагадвае лагатып 11-й Чырванасцяжнай арміі ВПС і СПА РФ (да яе адносіцца в/ч 31458). На ўзбраенні гэтага палка знаходзяцца ракетныя комплексы С-400 і Панцыр-С1.

Хутчэй за ўсё ён служыць у расійскім ваенным кантынгенце ў Мазырскім раёне Гомельшчыны. Расійскія вайскоўцы з'явіліся на аэрадроме Бокаў перад пачаткам расійскага ўварвання ва Украіну ўзімку 2022 года. Спярша на аэрадроме базаваліся расійскія верталёты, а пасля правалу наступу аэрадром занялі ракетчыкі. Жыхары Мазыршчыны неаднаразова фіксавалі пускі ракет з раёна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі