Расійскім імігрантам стане цяжэй хавацца ў Казахстане — адмянілі "візаран"
Казахстан абмежаваў правілы ўезду для замежнікаў / vlast.kz
Улады Казахстана змянілі правілы ўезду і знаходжання імігрантаў, піша vlast.kz. Пры гэтым адмянілі магчымасць рабіць так званы "візаран" (visa run — кароткачасовы выезд з краіны, каб працягнуць дзеянне бязвізавага рэжыму).
З 27 студзеня грамадзяне краін ЕАЭС, у тым ліку расіяне, змогуць знаходзіцца ў Казахстане не больш за 90 дзён на працягу 180-дзённага перыяду. Раней у заканадаўстве краіны такога ўказання пра паўгадавы перыяд не было. Гэтым карысталіся імігранты: раз на тры месяцы яны выязджалі з краіны на кароткі час і такім чынам абнулялі тэрмін свайго знаходжання.
Вельмі часта гэтым спосабам карысталіся расіяне, якія ўцяклі ад мабілізацыі. У 2022 годзе Казахстан стаў адным з галоўных напрамкаў для іх.
У верасні 2022-га паведамлялася, што ў Казахстан выехала 400 тысяч расіян. У снежні на тэрыторыі краіны заставалася 146 тысяч расіян, прычым 36 тысяч з іх атрымалі дазволы на часовае пражыванне ў краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.