Мінабароны Расіі плануе адправіць на вайну ва Украіну яшчэ 300 тысяч чалавек

Тэмпы набору добраахвотнікаў у РФ знізіліся ў 20 разоў

Тэмпы набору добраахвотнікаў у РФ знізіліся ў 20 разоў / verstka.media

Мінабароны Расіі плануе адправіць на вайну ва Украіну яшчэ 300 тысяч чалавек. У першую чаргу — рэзервістаў, але можа быць і новая мабілізацыя, паведамляе verstka.media са спасылкай на чатыры крыніцы ў Адміністрацыі прэзідэнта РФ і рэгіянальных урадах, а таксама высокапастаўленага супрацоўніка расійскага Мінабароны.

Выданне адзначае, што на вайну паспрабуюць адправіць і вайскоўцаў тэрміновай службы — будуць настойліва прапаноўваць падпісаць кантракт. На гэта Мінабароны РФ ідзе з-за значнага зніжэння колькасці добраахвотнікаў. Па некаторых звестках, з восені 2023-га тэмпы іх набору знізіліся ў 20 разоў. І гэта не дзіўна. Ва ўсе рэгіёны Расіі ідуць труны загінулых і сведчаць пра вялікія страты на фронце.

Розныя даныя могуць сведчыць пра тое, што ў Расіі рыхтуецца новая хваля мабілізацыі. Яе не хацелі праводзіць да прэзідэнцкіх выбараў. 

Мяркуецца, што Расія рыхтуе вайсковую групоўку для акружэння Харкава. У атаку адправяць тых, хто цяпер прыкрывае межы пад Белгарадам і Курскам, а іх зменяць тэрміновікі і рэзервісты.

Камандуючы сухапутнымі войскамі Узброеных сіл Украіны Аляксандр Паўлюк пацвердзіў інфармацыю аб тым, што магчымае новае маштабнае наступленне расійскіх захопнікаў летам 2024 года. Па яго даных, фармуецца групоўка, якая складае 100 тысяч чалавек. "Мы зробім усё магчымае, каб нанесці ворагу такія страты, каб усе рэсурсы, якія яны фармуюць, былі прыцягнутыя да гэтага часу ў бой", — сказаў Паўлюк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі