Расстраляны за словы "Слава Украіне!" баец быў грамадзянінам Малдовы
Аляксандр Маціеўскі / t.me/SBUkr/
Украінскі вайсковец Аляксандр Маціеўскі, расстраляны расіянамі за словы "Слава Украіне!", быў грамадзянінам Малдовы. Пра гэта паведамляе Міністэрства замежных спраў і еўраінтэграцыі гэтай краіны.
Напярэдадні ўлады Украіны афіцыйна пацвердзілі, што асоба вайскоўца высветлена. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прысвоіў яму званне Героя Украіны.
Як піша newsmaker.md, Маціеўскі быў ураджэнцам Малдовы. Міністэрства замежных спраў і еўраінтэграцыі гэтай краіны "рашуча асуджае забойства грамадзяніна Малдовы, якое можна расцэньваць як ваеннае злачынства і грубае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права". У заяве асуджаецца "жорсткая вайна Расіі супраць Украіны".
Аляксандр Маціеўскі быў снайперам у аддзеле тэрытарыяльнай абароны. У лістападзе 2022-га яго падраздзяленне перакінулі на фронт. У сярэдзіне снежня ён знік без вестак. Цяпер вядома, што 30 снежня Маціеўскага расстралялі расійскія вайскоўцы. А ў лютым 2023 года цела вайскоўца вярнулі дадому і пахавалі. У сакавіку з'явілася відэа расстрэлу. Спатрэбіўся час, каб даведацца імя героя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.