Разгромяць ГУБАЗіК, калі спатрэбіцца ўладзе: навошта Лукашэнку адліга

Разгромяць ГУБАЗіК, калі спатрэбіцца ўладзе: навошта Лукашэнку адліга

У Беларусі ёсць шанец не цалкам аказацца за жалезнай заслонай, якая накрывае яе ўслед за Расіяй. І атрымаць у звязку з гэтым большую незалежнасць ад Расіі. Ці атрымаецца гэта, шмат у чым залежыць ад Украіны, але і беларускі рэжым можа паказаць, што не хоча быць адрэзаным ад свету. Для гэтага можа спатрэбіцца адкручванне гаек у краіне, кажа палітолаг Андрэй Ягораў у стрыме Еўрарадыё.

Беларусь у сённяшняй сітуацыі, хутчэй за ўсё, апынаецца за жалезнай заслонай разам з Расіяй. Адзінае выйсце ў гэтай сітуацыі заключаецца ў тым, што Украіна будзе патрабаваць іншага статусу і іншых адносінаў у дачыненні да Беларусі.

Пэўныя крокі можа зрабіць сам беларускі рэжым: патрабаваць вываду расійскіх войскаў, казаць пра тое, што мы былі вымушаныя Расіяй даць сваю тэрыторыю і не маглі нічога зрабіць. І выпусціць палітычных вязняў, знізіць узровень рэпрэсіўнага ціску. То-бок паказаць, што ён гатовы да лібералізацыі, да магчымых перамоваў і гэтак далей.

Гэта дазволіць Беларусі апынуцца хаця і за заслонай, але не такой шчыльнай, як Расія, лічыць эксперт. Тады Беларусь апынецца паміж цывілізаваным светам і Расіяй, а не закрытая ад усіх, акрамя суседкі. 

Але шмат у чым гэта залежыць і ад Украіны, — падкрэслівае Андрэй Ягораў.

Магчымая адліга не ў інтарэсах улады. Але яна не выкліча вялікай незадаволенасці сілавікоў, якія старанна збіралі палітзняволеных і збівалі людзей на пратэстах, упэўнены суразмоўца. Бо іх паводзіны хутка мяняюцца. Сёння — БЧБ-сцяг на падлозе, а заўтра — літара “Z” на дзвярах ГУБАЗіКа. У залежнасці ад таго, якія настроі “наверсе”. 

Разгромяць ГУБАЗіК, калі спатрэбіцца ўладзе: навошта Лукашэнку адліга
Экс-кіраўнік ГУБАЗіКа, намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў б’е дзверы ў кавярні / Onliner

Рэжым у складанай сітуацыі, бо для яго ўсё ж такі грамадства да сённяшняга часу ўспрымаецца як вораг, які пагражае ўладзе не менш, чым Расія. Улада паміж двух агнёў: трэба выкруціцца ў сітуацыі з Расіяй і ўзнавіць кантроль над тэрыторыяй. А з іншага боку, не здаць уладу беларускаму грамадству, не пайсці на дэмакратызацыю

Але трэба разумець, што паводзіны сілавых органаў — як флюгер. Як і ў беларускіх прапагандыстаў. Калі пачытаць на пачатку вайны, што пісалі прапагандысты, яны гэты ўра-патрыятызм наганялі. Гэта бліцкрыг, праз тры дні дэнацыфікуем і гэтак далей.

Цяпер іх рыторыка змянілася ўслед за тым, што ўжо не так ваяўніча выказваецца Лукашэнка.

Мы можам пабачыць раптам, калі спатрэбіцца для ўтрымання ўлады, у тым ліку і расправу з самім ГУБАЗіКам. Раптам Лукашэнка, як мы бачылі раней, скажа: “А што вы так завінцілі гайкі? Не прадыхнуць. Вы злачынства робіце для Беларусі. Трэба назад адкручваць”.

І пабачым які-небудзь наезд КДБ на ГУБАЗіК, разгром гестапіка і нейкую іншую сітуацыю. То-бок гэта ўсё можа змяніцца вельмі хутка, калі на самым высокім узроўні яны пабачаць у гэтым магчымасць для захавання сваёй улады. Пакуль гэта рыторыка поўнай падтрымкі Расіі, эксплуатаванне ідэі нападу на Беларусь. А зараз, бачачы, што нешта змянілася, яны, можа, ужо папрыбіралі гэтыя “Z” са сваіх кабінетаў, — кажа на заканчэнне Андрэй Ягораў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі