Рэцэсія і фінансавы крызіс: пагрозы для эканомікі на 2022 год

Санкцыі б'юць па валютных заробках у 2022 годзе. А яны важныя праз даўгі ў замежнай валюце / pexels.com
Санкцыі б'юць па валютных заробках у 2022 годзе. А яны важныя праз даўгі ў замежнай валюце / pexels.com

Спад экспарту, няўпэўненасць бізнесу і адсутнасць пунктаў росту вядуць да таго, што ў 2022 годзе эканоміку чакае рэцэсія.

BEROC прадставіў аналіз эканомікі ў трэцім квартале. Расказваем, чаму гэты перыяд стаў пераломным і ад чаго будзе залежаць глыбіня дна налета.

 

Попыт падае, а драйвераў росту няма

У трэцім квартале адбылося сур'ёзнае затуханне росту, хоць у звестках Белстата гэта відаць не так моцна, расказвае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

— Рост у такім выглядзе, як ён прэзентуецца Белстатам [нарастальным вынікам. — Еўрарадыё], мае шмат запазняльных характарыстык. У трэцім квартале рост у адносінах да папярэдняга квартала склаў усяго 0,6%. З боку попыту і прапанавання не вымалёўваецца відавочнага драйвера росту.

Рецессия и финансовый кризис: угрозы для экономики на 2022 год
Жоўты графік — рост паводле Белстата, сінія слупкі — звесткі без запазняльных характарыстык / BEROC

Эканаміст адзначае, што адбываецца зніжэнне ўнутранага попыту, інвестыцый у асноўны капітал, спажывання хатніх гаспадарак і чыстага знешняга попыту.

— Выразны драйвер росту, якім быў чысты знешні попыт на працягу апошняга года, страчаны. Такая самая сітуацыя і з боку прапановы. Трэці квартал — гэта першы перыяд з каранавіруснага аднаўлення, калі скарацілася апрацоўчая прамысловасць. Толькі дзве галіны цяпер ёсць своеасаблівымі донарамі росту. У першую чаргу гэта IT. І блізкі да нуля, але таксама ўклад у рост забяспечваў гандаль, — працягвае Дзмітрый Крук.

Рецессия и финансовый кризис: угрозы для экономики на 2022 год
Знешні і ўнутраны попыт рэзка знізіўся / BEROC

Гэтыя тэндэнцыі могуць выліцца ў рэцэсію ў 2022 годзе, лічыць эксперт. Тым больш што на знешнегандлёвы цуд разлічваць не даводзіцца, бо якраз у трэцім квартале ён пачаў згасаць.

Рецессия и финансовый кризис: угрозы для экономики на 2022 год
Экспарт пачаў скарачацца хутчэй, чым імпарт / BEROC

Новых працоўных месцаў рэкордна мала

Усё ж фінансавыя паказчыкі кампаній, індыкатары фінстабільнасці палепшыліся.

— Ключ да тлумачэння гэтай супярэчнасці бачу ў сур'ёзных зменах умоў гандлю. У трэцім квартале экспартныя цэны раслі апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з імпартнымі цэнамі, — кажа Зміцер Крук.

Праз гэта ўмацоўваўся курс рубля. Калі б не пачаў скарачацца знешні гандаль, эфект быў бы яшчэ большым. Таксама ўпершыню за пяць кварталаў запаволілася інфляцыя, але праз негатыўныя чаканні людзей і бізнесу гэта працягнецца нядоўга.

Напрыклад, 44% апытаных BEROC хатніх гаспадарак лічаць, што ў 2022 годзе эканамічная сітуацыя пагоршыцца.

— І ў нашым апытанні, і ў апытанні буйных прадпрыемстваў Нацбанка мы бачым, што вельмі вялікая доля фірмаў, якія настроены на падвышэнне адпускных цэн у найбліжэйшыя перыяды. На высокім узроўні знаходзяцца інфляцыйныя чаканні хатніх гаспадарак. Глеба для раскручвання інфляцыі вельмі спрыяльная.

Пры гэтым кампаніі ствараюць менш працоўных месцаў, чым у перыяд рэцэсіі 2015–2016 гадоў, падкрэслівае эканаміст.

Рецессия и финансовый кризис: угрозы для экономики на 2022 год
Занятасць і стварэнне новых працоўных месцаў па кварталах / BEROC

— Жоўтая лінія — гэта індэкс новых працоўных месцаў. І трэці квартал адметны тым, што абнавілі гістарычны мінімум па гэтым паказчыку. Фірмы рэагуюць на супярэчнасці і нявызначанасць у эканоміцы тым, што адмаўляюцца альбо вельмі насцярожана ствараюць новыя працоўныя месцы.
 

Рэцэсія імавернейшая, чым рост "каля нуля"

Зыходзячы з аналізу трэцяга квартала, можна зрабіць выснову, што беларуская эканоміка ўступіла ў фазу запаволення. І не відаць, за кошт чаго гэта магло б змяніцца. Негатыўны фон — санкцыі, нявызначанасць, чаканні людзей і бізнесу — узмацняе трэнд аслаблення росту.

— Рэцэсійны сцэнар больш імаверны, чым сцэнар балансавання росту паблізу нуля ў 2022 годзе і тым больш далейшага падтрымання падвышанага росту дзесьці на ўзроўні двух адсоткаў і вышэй. Калі такі сцэнар рэалізуецца, то галоўныя пытанні: наколькі глыбокай будзе рэцэсія, ці ёсць у наяўнасці ва ўладаў інструменты для яе згладжвання і ці не перарасце яна ў трыгер для фінансавага стрэсу, — працягвае Дзмітрый Крук.

Стан эканомікі будзе шмат у чым вызначаць экспарт. Шмат нявызначанасці якраз праз тое, што незразумела, наколькі сур'ёзным будзе эфект санкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі