Рэчыцкі праваабаронца пакінуў Беларусь пасля затрымання і вярбоўкі
Рэчыцкі журналіст і праваабаронца Андрэй Мядзведзеў з'ехаў з Беларусі пасля затрымання супрацоўнікамі КДБ. У сваім акаўнце на Фэйсбуку ён распавёў, што яго прымусілі падпісаць дакументы аб вярбоўцы.
Праваабаронцу затрымалі ў матчынай кватэры ў Калінкавічах 16 ліпеня. Па словах Мядзведзева, супрацоўнікі КДБ праводзілі ператрус у рамках справы паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Яны забралі аргтэхніку і тэчку з квіткамі на грамадскі транспарт.
Потым затрыманага перавезлі ў Рэчыцу, дзе правялі ператру у яго кватэры і забралі налепкі з "незарэгістраванай сімволікай".
З Мядзведзевым правялі два допыты. На адным дапытвалі пра ТГ-суполкі "АГСБ" (атрады грамадзянскай самаабароны) і "Буслы ляцяць". Мужчына кажа, што сам у гэтых суполках не быў і нікога там не ведае. "Опер, які дапытваў, проста зачытваў з захаванага ў камп'ютары пратакола папярэдняга допыту адказы кагосьці, каго дапытвалі перада мной, і казаў "Так пайдзёт?". Я часам пагаджаўся, часам нешта карэктаваў", — піша праваабаронца.
Потым яго прывялі ў кабінет начальніка аддзела КДБ, той пагражаў адправіць праваабаронцу ў СІЗА. Для вызвалення Мядзведзеву назвалі дзве ўмовы — запіс "пакаяннага" відэа і падпісанне паперы аб супрацоўніцтве. Абодва патрабаванні Мядзведзеў выканаў.
"Натуральна, супрацоўнічаць з гэтай канторай я ніколі не збіраўся і не збіраюся. І менавіта гэтая ўмова стала чыннікам, які канчаткова падштурхнуў мяне да рашэння з’язджаць з краіны, пакуль мне не задалі “стучаць” на кагосьці з сяброў альбо зноўку не загрэблі ў свае лапы. Хачу, каб усе ведалі: я тую паперку падпісаў, але без аніякіх намераў выконваць! Бо мая мэта была выйсці адтуль, калі быў такі шанец, і рабіць тое, што я мушу рабіць, як сумленны чалавек. А паперчына тая наўрад ці мае нейкую юрыдычную моц", — падкрэсліў Мядзведзеў.
Раней пра вярбоўку казала валанцёрка праваабарончага цэнтра "Вясна" (пазбаўленага рэгістрацыі) Яўгенія Бабаева, якую затрымалі на два дні раней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.