2 лютага — 50 гадоў “Беларускай маладзёжнай”
Радыёстанцыя існавала ў межах дзяржаўнага беларускага радыё з 1963 года, але зорны час “Маладзёжкі” пачаўся ў 1986 годзе.
Тады кіраваць радыёстанцыяй прызначылі 30-гадовую журналістку Жанну Літвіну, цяпер — старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў. У праграмах “Беларускай маладзёжнай” уздымаліся вострыя тэмы, журналістам была ўласцівая смелая і свабодная манера размоваў у эфіры, у перадачы запрашалі многіх яркіх выступоўцаў. Гэта і зрабіла радыёстанцыю надзвычай папулярнай у слухачоў.
Менавіта ў гэтай рэдакцыі адбыўся шэраг рэвалюцыйных для беларускай журналістыкі падзеяў. Яшчэ ў канцы 1980-х радыёстанцыя запісала “круглы стол” з удзельнікамі руху “Талака”, якія ўпершыню загаварылі аб нацыянальнай валюце, нацыянальнай арміі, суверэнітэце і незалежнасці Беларусі.
Рэдакцыя адной з першых падхапіла “сцяг” нацыянальнага адраджэння і ўздымала ў эфіры самыя вострыя тэмы, што абмяркоўваліся палітыкамі новай дэмакратычнай фармацыі — пошукі праўды пра Чарнобыль, стварэнне Свабоднага прафсаюзу, незалежнасць краіны і г.д.
У 1991 годзе падчас студзеньскага штурму Віленскай тэлестудыі і ўводу савецкіх войскаў у Вільню адбылося наўпроставае ўключэнне Сяргея Дубаўца з рэпартажам з Літвы. Прычым гэта было а 19.00 – у час, калі людзі актыўна слухаюць радыё. У той вечар, 13 студзеня ў эфіры загучалі словы пра акупацыю Літвы савецкімі войскамі.
Як ні дзіўна, санкцый з боку кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё ў дачыненні да рэдакцыі пасля гэтага не было, хаця на змену лаяльнаму Генадзю Бураўкіну на пасаду старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі ў той час ужо прыйшоў Аляксандр Сталяроў. Аднак праз нейкі час вечаровыя эфіры “Беларускай маладзёжнай” усё ж перасунулі з “прайм-тайму” на позні вечар.
У пачатку 1990-х у складзе рэдакцыі працавалі Уладзімір Дзюба, Валянціна Стэльмах, Анатоль Груша, Алена Сцяпанава, Іна Студзінская, Таццяна Мельнічук, Алена Радкевіч, Віталь Сямашка, Ігар Ганчарук, Уладзімір Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Зміцер Лукашук, Алесь Дайнэка. У 1992-1993 гг. прыйшла генерацыя зусім маладых супрацоўнікаў: Алесь Хмяльніцкі, Іван Кобзік, Ганна Харужая, Генадзь Кеснер, Ірына Курапаткіна, Вольга Бабак.
Сярэдні ўзрост журналістаў рэдакцыі складаў каля 30 гадоў. “БМ” актыўна асвятляла падзеі ў моладзевай культуры, рок-музыцы. Адметна, што пераважная большасць супрацоўнікаў выкарыстоўвала ў эфіры тагачаснага дзяржаўнага радыё “тарашкевіцу”.
Увесну 1994 года, напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў, кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні аддало распараджэнне расфармаваць рэдакцыйны калектыў Галоўнай рэдакцыі вяшчання для моладзі (“Беларускай маладзёжнай”) у сувязі з чарговай зменай арганізацыйнага статусу Дзяржаўнага камітэту па тэлебачанні і радыёвяшчанні.
Нягледзячы на тое, што фармальна ва ўсіх супрацоўнікаў “БМ” была магчымасць працягнуць працу ў структуры дзяржаўнага радыё ў іншых рэдакцыях, большая частка калектыву напісала заявы аб звальненні па ўласным жаданні. Пасля перамоваў з Жаннай Літвіной некалькі чалавек з рэдакцыі засталіся працаваць на дзяржрадыё — на новаўтвораным інфармацыйна-музычным канале “Радыё-2”, які вяшчаў на Другім канале дзяржаўнага радыё.
Аднак у хуткім часе і гэтая рэдакцыя, якую ўзначаліў былы супрацоўнік “БМ” Уладзімір Дзюба, таксама трапіла ў катэгорыю “штрафнікоў”. Вяшчанне каналу прыпынялі напярэдадні рэферэндума 1995 года, на кіраўніцтва пісалі дакладныя і адхілялі ад эфіру. Напрацягу двух гадоў усе журналісты, што працавалі раней у “БМ”, звольніліся з “Радыё-2”, а яшчэ праз год рэдакцыю трансфармавалі ў канал “Культура”.
Многія з былых супрацоўнікаў “Беларускай маладзёжнай” сталі потым сапраўднымі зоркамі незалежнай журналісткі ў Беларусі. Віншуем журналістаў, якія працавалі ў гэтай легендарнай рэдакцыі, а таксама неабыякавых слухачоў, якія дагэтуль згадваюць эфіры любімага радыё.