ААН парэкамендавала Беларусі змяніць прэзідэнцкі дэкрэт

Гомельскае аб’яднанне “Грамадзянскія ініцыятывы”, якім кіраваў Карняенка, займалася назіраннем за прэзідэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе. Падчас перавыбарчай кампаніі ўлады канфіскавалі ў іх аргтэхніку, а потым і ўвогуле ліквідавалі грамадскае аб’яднанне, абвінаваціўшы ў тым, што яно фінансуецца Захадам. Кіраўніку арганізацыі Віктару Карняенку далі буйны штраф. У выніку, незалежнае назіранне за выбарамі было сарванае.

Віктар Карняенка праз абласны і Вярхоўны суды спрабаваў аспрэчыць рашэнне аб ліквідацыі аб’яднання і вярнуць рэгістрацыю, але ўсё безвынікова. Тады старшыня ліквідаванай арганізацыі звярнуўся па дапамогу да правабаронцаў ў “Цэнтр стратэгічных цяжбаў”. Там параілі звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека пры ААН, узгадвае правабаронца Леанід Судаленка:

 “З нашай дапамогай ён [Віктар Карняенка] звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека. Дзе паставіў пытанне аб тым, што ў Беларусі парушаюцца яго правы на свабоду аб’яднанняў і асацыяцыяй. І паколькі грамадскае аб’яднанне назірала за выбарамі, то таксама былі парушаныя правы на доступ да ўдзелу ў дзяржаўным кіраванні”.


Камітэт па правах чалавека толькі сёлета разгледзеў справу Віктара Карняенкі і прызнаў парушэнне беларускімі ўладамі правоў сваіх грамадзян на свабоду аб’яднанняў і асацыяцый, на свабоду распаўсюджання інфармацыі і на ўдзел у дзяржаўным кіраванні праз незалежнае назіранне. Акрамя таго, Камітэт рэкамендаваў Беларусі змяніць дэкрэт Прэзідэнта аб замежнай дапамозе. Менавіта паводле гэтага дэкрэту КДБ канфіскаваў камп’ютары “Грамадзянскай ініцыятывы”. Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што Камітэт па правах чалавека пры ААН слушна прыняў бок грамадзянскай супольнасці ў Беларусі:

“На гэтым прыкладзе мы бачым, што грамадзянін атрымаў не толькі дапамогу, але дамогся таго, што дэкрэт Прэзідэнта аб Замежнай бязвыплатнай дапамозе быў прызнаны неадпавядаючым міжнародным абавязкам нашай краіны, паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”.


Атрымліваецца, што Камітэт па правах чалавека ААН на працягу 7 гадоў разглядаў скаргу па справе “Грамадзянскай ініцятывы”. Але гэта звычайная справа, лічыць Леанід Судаленка. Часам разгляд скаргаў можа ісці і хутчэй, так, скаргу руху “За Свабоду” пра парушэнне Беларуссю Міжнароднага пакту аб правах грамадзянаў на свабоду выказвання меркаванняў і распаўсюджання інфармацыі Камітэт разглядаў усяго 2 гады.

Рубрыка "Ты можаш" спецыяльна для правабарончай праграмы "Кардыяграма" 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі