Абрабаваны раварыст просіць дапамогі
Хлопца, які страціў прытомнасць, магчыма, абрабавалі дзве дзяўчыны. Зніклі пашпарт, фотаапарат “Canon”, тры аб’ектывы, плэер, заробак і ключы ад хаты.
З Еўрарадыё пагутарыў сябар пацярпелага Сяргей.
Еўрарадыё: У нас праходзла інфармацыя пра раварыста, якога абрабавалі ў Мінску. Хлопец ехаў на ровары і страціў прытомнасць. Распавядзі, калі ласка, што з здарылася.
Сяргей: “Разам з сябрам мы вярталіся роварамі з Пцічы. У Малінаўцы мы згубіліся. Потым высветлілася, што па дарозе сябру стала дрэнна. Ён спыніўся на вуліцы Чыгуначнай, сеў на траву. Да яго падыйшлі дзве дзяўчыны, якія запыталіся, што з ім. Потым на нейкі кароткі час ён страціў прытомнасць, а калі ачуняў, ягоных рэчаў не было. Мой тэлефон ляжаў выключаны ў заплечніку, таму патэлефанаваць яму я не мог. Учора з сябрамі мы былі на тым месцы, пыталіся ў мінакоў, можа хто-небудзь быў сведкам злачынства, але ніхто нічога не бачыў”.
Еўрарадыё: Што было ў заплечніку?
Сяргей: “У заплечніку быў пашпарт, фотаапарат “Canon”, тры аб’ектывы, плэер, гаманец з зарплатай і ключы ад кватэры. Інфармацыю пра здарэнне мы распаўсюдзілі ў інтэрнэце, але пакуль што адгукнуўся толькі адзін хлопец. Ён піша, што яму прапанавалі купіць такі самы фотаапарат, але ён не дае ніякіх сваіх кардынатаў і ўвогуле больш не адказвае”.
Еўрарадыё: Ці звяртаўся твой сябар у міліцыю?
Сяргей: “Так, як толькі ён ачуняў, ён зайшоў у дом, які знаходзіцца паблізу, папрасіў вады і выклікаў адтуль міліцыю. Сёння мы адвезлі ў аддзяленне ўсе дакументы на тэхніку і на ровар. Яны сказалі, што будуць шукаць. Сапраўды, такіх ровараў у Мінску вельмі мала, і прадаць яго злачынцам будзе вельмі цяжка”.
Еўрарадыё: У выпадку, калі нехта нешта ведае, звяртайцеся да Сяргея па тэлефоне 715-79-99