Алена Каваленка: Палітвязні зноў выстаўляюцца на торг

120924_kavalenka_rez.mp3

Еўрарадыё: Ці атрымалася выпрацаваць адзіную стратэгію, як дапамагчы палітвязням, падчас Беларускага круглага стала ў Варшаве, які арганізаваў еўрадэпутат Марэк Мігальскі?

Алена Каваленка: Шмат хто выказваўся аб гэтым, але прыняць нейкую стратэгію дзеянняў удзельнікі не змаглі. Мы столькі год жывем пры гэтым рэжыме, і Еўропа так і не распрацавала эфектыўнай методыкі. Усе прыйшлі да адной высновы, што выбараў у Беларусі няма, тое, што адбылося, — гэта фарс. Вынікі выбараў і яўка былі сфальсіфікаваныя. Еўрадэпутат Марэк Мігальскі сказаў, што дэмакратычныя краіны адрозніваюцца ад таталітарных тым, што ў дэмакратычных краінах умовы правядзення выбараў прадказальныя, а вынікі — не. У Беларусі ж усё зусім наадварот: тут умовы непрадказальныя, а вынікі — прадказальныя. 

Еўрарадыё: Учора Лукашэнка паведаміў, што два палітзняволеныя (не ўдакладніў хто) напісалі прашэнне аб памілаванні. Потым высветлілася, што ён меў на ўвазе якраз Сяргея Каваленку і анархіста Паўла Сырамолатава, які разам са спадаром Каваленкам знаходзіцца ў Магілёўскай калоніі. Як мы ведаем, Сяргей Каваленка напісаў гэтае прашэнне тры месяцы таму. Аляксандр Лукашэнка агучыў, што прашэнне напісанае месяц таму і, магчыма, неўзабаве зможа яго разгледзець. Ці не звязваеце вы гэтую заяву Лукашэнкі з выбарамі, якія якраз прайшлі?


Алена Каваленка: Не выпадкова, што менавіта ў гэты дзень Лукашэнка гэта агучыў. Што тут можна казаць? Для яго жыццё чалавека і лёс яго сям’і нічога не значаць. Месяц, другі, год — для яго гэта нічога не значыць. Ён зрабіў пасыл Еўропе, што вы можаце прызнаць мае выбары, а я вам зраблю падарунак і адпушчу каго-небудзь з палітычных зняволеных. 


Еўрарадыё: Вы добра сказалі — каго-небудзь. Гаворка не ідзе цяпер аб вызваленні ўсіх палітзняволеных: Лукашэнка сігналізаваў, што два чалавекі, магчыма, стаяць у чарзе. Дарэчы, Сяргей Каваленка і Павел Сырамолатаў знаходзяцца ў адной калоніі. Гэта нейкая разнарадка зверху для кіраўніцтва калоніі?


Алена Каваленка: Напэўна, не разнарадка, але нейкія сродкі ўціску, мабыць, у іх былі. Прашэнне было напісанае пад ціскам.


Еўрарадыё: Калі прызнана, што Каваленка — злосны парушальнік рэжыму, то ці проста Лукашэнку будзе памілаваць шматразовага парушальніка дысцыпліны?


Алена Каваленка: Аляксандр Лукашэнка можа вызваліць каго захоча, незалежна ад таго, парушальнікам будзе тая асоба, ці не. Цяпер Сяргей знаходзіцца ў атрадзе, але да гэтага ён амаль месяц правёў у карцары. Стан яго здароўя не вельмі добры: ніякіх абследаванняў дагэтуль не зрабілі, і сам ён прызнаў, што здароўя ў яго няма, хоць вагу ён аднавіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі