Брэсцкія суды па-рознаму разумеюць, што такое абраза

130328_samaabarona.mp3

Брэсцкі абласны суд пакінуў ў сіле прысуд Баранавіцкага суда па справе незалежнага назіральніка Сяргея Гоўшы. Яму прысудзілі паўтара мільёна рублёў штрафу за тое, што ён нібыта лаяўся ў акруговай камісіі падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Канфліктную гутарку са старшынёй камісіі Латышавай, якая і напісала заяву ў міліцыю, Гоўша запісаў на дыктафон. Аўдыёзапіс ён адаслаў у Цэнтр судовых экспертыз і крыміналістыкі Міністэрства юстыцыі для даслоўнай расшыфроўкі дыялогу і сапраўднасці запісу. Паводле дзяржаўных экспертаў, словы "Ай, ідзіце вы ў лазню" апынуліся "грубай нецэнзурнай лаянкай", за якую Гоўшу пакаралі штрафам. Але назіральнік збіраецца шукаць праўды ў вышэйшых інстанцыях, кажа брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

"Тое, што ён у міліцыі і ў судзе дэманстраваў аўдыёзапіс, дзе ніхто не чуў там ніякага мату, ніякім чынам не паўплывала на рашэнне суддзяў. Да сённяшняга дня ідзе ўжо другі этап разбіральніцтва — зараз ён збіраецца звяртацца ў Вярхоўны суд. Але я песіміст у дадзеным выпадку: лічу, што пакаранне не будзе адмененае. Спадару Гоўшу застаецца адно — звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН і ўжо такім чынам адстойваць сваю праўду".


Адметна, што за два дні да разгляду справы Гоўшы іншы брэсцкі суд таксама разглядаў гучную справу пра абразу. Карэспандэнтка газеты "Брэсцкі кур'ер" Мілана Харытонава патрабавала пакарання для інтэрнет-троля, які ў каментары пад яе рэпартажам назваў яе “хрюшка”. Міліцыя выявіла, што выказванні пакінуў супрацоўнік газеты гарвыканкама “Брестский вестник” Уладзімір Міневіч. Але суд не знайшоў у каментары абразы, спаслаўшыся на лінгвістычную экспертызу. Эксперты палічылі, што,паколькі ў каментары не было мацюкоў, не было і абразы. Пра гэта распавёў Еўрарадыё праваабаронца Уладзімір Вялічкін:


"Па выніках праведзенай экспертызы апынулася, што ўсё ж такі яе ніхто не абражаў. Тыя словы, якія былі выкарыстаныя супраць яе, не з'яўляюцца матам. А вось у выпадку Гоўшы наадварот: словы, якія не з'яўляюцца матам, сталі матам. То бок калі справа тычыцца апазіцыі, яна першапачаткова будзе пройгрышная”.


Цяпер, калі суд стаў на бок супрацоўніка газеты гарвыканкама, Мілана Харытонава мусіць сама аплаціць экспертызу, якую праводзілі філолагі Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна. Дарэчы, гэта сума, аналагічная штрафу спадара Гоўшы, — 1,5 мільёна рублёў.

Рубрыка "Самаабарона" спецыяльна для праграмы "Кардыяграма". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі