Чарнобыльскі шлях быў нешматлюдным, але без затрыманняў
Сёлета на гадавіну Чарнобыльскай катастрофы не было традыцыйнага шэсця. Затое ўдзельнікам акцыі паказалі двайніка Леніна.
Перад пачаткам акцыі ў цэнтры Мінску з'явіліся аўтазакі і аўтобусы са спецназам. Потым на станцыі метро "Акадэмія навук", дзе апошнімі гадамі збіраліся ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху, перасталі спыняцца цягнікі. Падыходы да галоўнага будынку Акадэміі былі перакрытыя турнікетамі.
Што праўда, гэтыя меры выявіліся марнымі: удзельнікі сабраліся на плошчы Бангалор, каля Чарнобыльскай капліцы. Менавіта там гарадскія ўлады дазволілі правесці мітынг.
На падыходах да месца акцыі праваахоўнікі абшуквалі ўдзельнікаў. Пляцоўка перад сцэнай, адкуль гучаць выступы, была абгароджаная металічнымі канструкцыямі.
На мітынг сабралося каля 500 чалавек. Былі бачныя расцяжкі і транспаранты "Патрабуем гарантый бяспекі", "Астравецкая АЭС? Дзякуй, не трэба!","Фукусіма. Што далей?","Нам не трэба другі Чарнобыль".
Мітынг пачаўся з хвіліны маўчання. Як зазначыў у сваім выступе Юры Хадыка, сённяшняя акцыя — таксама спосаб пераадолець страх, пасеяны жорсткім разгонам 19 снежня і выбухам 11 красавіка.
Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў засцярогі наконт будаўніцтва АЭС Расіяй, а таксама заклікаў вызваліць усіх палітвязняў. Ён таксама заклікаў дзяржаўныя СМІ перастаць дзяліць людзей на чэсных і нячэсных: "Радыяцыя нікога не дзеліць".
Сярод удзельнікаў акцыі былі заўважаныя экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, кіраўнік штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнікі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч.
Акцуя была адзначаная тым, што на ёй затрымалі "падпальшчыка". Арганізатары "Чарнобыльскага шляху" перадалі яго супрацоўнікам міліцыі.
Як растлумачыў суарганізатар акцыі палітык Віктар Івашкевіч, гэты быў малады чалавек прыкладна 20 гадоў. Закрыўшы твар павязкай, юнак прайшоў да сцэны і паспрабаваў запальнічкай падпаліць адзін з лозунгаў.
На заўвагі арганізатараў акцыі ён не рэагаваў, прадстаўляцца таксама адмовіўся. Пасля гэтага арганізатары акцыі перадалі яго міліцыі. Супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным адвялі маладога чалавека ў невядомым кірунку.
Яшчэ адной асаблівасцю акцыі стаў выступ двайніка Леніна. Ён выступіў супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Іншыя выступоўцы казалі пра цяжкія наступствы аварыі — эканамічныя і сацыяльныя, у тым ліку пра гаротнае становішча ліквідатараў. Гучалі і палітычныя лозунгі — пра вызваленне палітвязняў, спыненне палітычных рэпрэсій.
У рэзалюцыі мітынгу змешчаны заклік адмовіцца ад будаўніцтва АЭС у Астраўцы на карысць даследавання аднаўляльных крыніц энергіі. Акрамя таго, удзельнікі акцыі патрабавалі ад уладаў забараніць вытворчасць прадуктаў харчавання на забруджаных землях, а таксама вярнуць ільготы ліквідатарам.
Па заканчэнні мітынгу усе ахвотныя ўсклалі кветкі і пакінулі свечкі ля Чарнобыльскай капліцы.