Ці абміне Беларусь сусветны рост цэнаў на хлеб?

У суседніх з Беларуссю краінах прагназуюць павышэнне коштаў на хлеб. Каб накарміць насельніцтва, Украіна і Расія распрадаюць зерне з назапашаных рэзерваў. Намеснік міністра аграрнай палітыкі і харчавання Украіны Сяргей Трыгубенка паведаміў, што гатункі вырабаў, якія не датуюцца дзяржавай, могуць падаражэць на 10%. У Польшчы кошт бохана хлеба да канца 2011 можа падняцца амаль удвая, прагназуюць мясцовыя эксперты.

На павышэнне сусветных коштаў на пшаніцу паўплывалі шэраг падзеяў: сушы і пажары ў Расіі, паводкі ў Аўстраліі і Бразіліі, а таксама рост цэн на паліва з-за паўночнаафрыканскага крызісу.

Тым часам у Беларусі занепакоення наконт магчымага павышэння цэнаў на хлеб няма. Увагу спажыўцоў пакуль займае грэчка. Але і Беларусі скачку цэнаў на хлебавырабы не пазбегчы, упэўнены Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які дзесяцігоддзі працаваў на адказных пасадах у аграсектары.

Аляксандр Ярашук: "Якія б захады не прымаліся, прымаючы на ўвагу адкрытасць эканомікі і немінучасць росту цэнаў на хлебабулачныя вырабы, гэта не абміне і нас. Гэта можна казаць адназначна".

У Беларусі хлеб, разам з малаком і малочнымі таварамі, уваходзіць у катэгорыю сацыяльна значных тавараў. Згодна з пастановай беларускага ўрада ад 15 студзеня цэны на іх штомесяц могуць расці не больш як на 0,7%.

Аляксандр Ярашук лічыць, што тэарэтычна можна кампенсаваць выдаткі і стрымліваць рост цэнаў да 0,7% у месяц. Але наўрад ці гэта атрымаецца.

Аляксандр Ярашук: "На маю думку, кампенсаваць ужо і няма чым. Таму хутчэй за ўсё, мы будзем са здзіўленнем назіраць, прыходзячы штодня ў крамы, што цэны няўхільна павышаюцца".

Да таго ж, у сувязі з эканамічна неабгрунтаваным павышэннем заробкаў цэны на прадукты растуць і з-за інфляцыі, дадае Аляксандр Ярашук.

Пра інфляцыю Міністэрства сельскай гаспадаркі згаджаецца. Рэнтабельнасць у студзені была толькі 2.6%, на некаторыя віды хлебапрадуктаў – нулявая, а зрэдку – нават мінус, кажа намеснік міністра сельскай гаспадаркі, дырэктар Дэпартамента па хлебапрадуктах Васіль Седзін.

Але, па словах чыноўніка, рэнтабельнасць хлебапрадуктаў ніколі не была высокай – да 6-7%. І ў гэтай сферы пакуль усё стабільна.

Васіль Седзін: "У кожным выпадку цэны рэзка ніхто не будзе павялічаць! Сыравіна прыгатаваная з 2010 года пад увесь аб'ём! І таму не будзе ў нас такога скачка, як у іншых краінах!"

Нагадаем, па статыстыцы, беларусы спажываюць каля 85 кілаграм хлеба і макаронаў за год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі