“Дай дарогу!”: Выйсці з сістэмы
Лідар брэсцкіх панкаў Юра Стыльскі ― пра тройку па мове, бытавуху, помнік багоўцы, кеды і строгія гарнітуры, дыслексію, дэпутацкае пуза і выбары ў парламент.
Для нефармальнай моладзі "Дай дарогу!" ― сапраўдныя куміры. За некалькі гадзінаў да іх канцэрта пад клубам збіраюцца панкі з гітарамі. І спяваюць! Гурт у гэты час на сцэне: ідзе саўндчэк. Менш за гадзіну да "жывой" прэзентацыі новай праграмы ў мінскім Re:Public вакаліста ДД! Юру Стыльскага атрымліваецца сцягнуць са сцэны і адцягнуць ад фанатаў, якія ўвесь час ірвуцца да яго за аўтографамі.
Еўрарадыё: Пачнем з палітычнага пытання. Ці хадзіў ты галасаваць на выбарах у Палату прадстаўнікоў?
Юра Стыльскі: А ў нас маўклівая акцыя. Сябры, якія недзе там круцяцца ў апазіцыйным руху, за якіх я ўсё больш схіляюся, так вось сказалі. І мы нікуды не хадзілі.
Эмацыйныя выбухі выліваюцца ў песні
Еўрарадыё: Я раней думаў, што “Дай дарогу!” далёка ад апазіцыі і ад палітыкі ўвогуле. А тут выяўляецца, што нейкае дачыненне ўсё ж ёсць.
Юра Стыльскі: Блін, тут так цяжка ўсё… Па вялікім рахунку, я вылез з сістэмы. Стаў больш-менш самастойным і магу знайсці сябе незалежна ад сітуацыі, ад пераменаў. Уся гэтая палітыка, уся гэтая сістэма мяне не датычыцца. А ў песнях мы адлюстроўваем тую рэчаіснасць, у якой жывем. Спяваем пра маіх сяброў, сваякоў.
Еўрарадыё: Палітыкі ў песнях сапраўды няшмат. Затое вельмі шмат “сацыялкі”, як журналісты кажуць.
Юра Стыльскі: Дык стыль у нас такі. Бытавуха! І ўсё, што тычыцца душы, мы хочам перадаць вельмі рэзка.
Еўрарадыё: Ужо другая песня на альбоме ― пра міліцыю. Прычым, песня вельмі крытычная.
Юра Стыльскі: Гэта звязана з тым, што мяне летась затрымалі. Я там хадзіў, пляскаў у далоні. Хацеў падтрымаць масы. Думаю: “Класна гэта, прыкольна!” Я такія тусоўкі-масоўкі люблю. У Брэсце гэта было. Усе на плошчы збіраліся і валілі пасля па цэнтральных вуліцах. Міліцыя перакрывала даргогі, пасля пад’ехалі бобікі з аўтазакамі… Усіх засоўвалі туды, прэсавалі, Ну і мяне пык-пык пад гэтую гісторыю… Вось гэта навіны!
Еўрарадыё: Дык ты і на аўтазаку пакатаўся?
Юра Стыльскі: Пакатаўся, вядома!!! Ну а ў мяне, калі такія эмацыйныя выбухі адбываюцца, усё выліваецца ў песні. Ну і я, доўга не думаючы, думаю: “Прыйшоў час!”
Еўрарадыё: То бок, гэтая песня ― “Патрульный мент” ― па матывах канкрэтнай сітуацыі. Ці часта атрымліваецца рэагаваць на падзеі так жа хутка?
Юра Стыльскі: Большасць песень напісаная менавіта такімі пачуццямі, якія ўзнікаюць пасля нейкіх навакольных уздзеянняў. Во блін, ну і нагаварыў!
Мы са Стыльскім сядзім удвох на адной вялікай фатэлі ў грымёрцы Re:Public. Інтэрв'ю ўважліва слухае хлопец, які набыў сустрэчу са Стыльскім на дабрачынным аўкцыёне, але прызнаўся карэспандэнту Еўрарадыё, што не ведае, пра што зпытацца спевака. Пад канец размовы выяўляецца, што хлопец "дарожнік" не толькі па музычных сімпатыях, але і па адукацыі. Праз Еўрарадыё ён перадае прывітанне студэнтам БНТУ са сваёй спецыяльнасці з доўгай назвай, звязанай з дарожнымі працамі.
“Пайсці ў Будтрэст №8 і месяц там макрануць, каб мозг завярнула”
Еўрарадыё: А такія песні, як “Остаётся только кал” ды “10 миллионов”, у якіх гаворка ідзе пра больш агульныя рэчы ― як ты іх пішаш?
Юра Стыльскі: Я, натуральна, за ўсё гэта перажываю. У сістэме знаходзіцца мая матуля, сястра, шматлікія сваякі, мае сябры… Калі ў мяне адсоткаў на дзесяць, як я лічу, неяк атрымалася ад гэтага ўсяго адыйсці, гэта не значыць, што я стаў чэрствы, і мне на ўсё пляваць. Наадварот, я ячшэ больш перажываю.
Еўрарадыё: Што трэба рабіць, каб выйсці з сістэмы?
Юра Стыльскі: Ой, блін! Ну гэта дзікая праца. Трэба думкі свае змяняць, погляды на свет. Некаторым альтэрнатыўная літаратура дапамагае, фільмы, якія чысцяць мозг. А ў мяне так атрымалася… Я даўно ведаў, што не буду працаваць на будоўлі. Я думаў, што лепш буду зарабляць грошы тым, што ў мяне атрымліваецца лепш. І я бачу, што магу займацца музыкай. У мяне гэта атрымліваецца лепш, чым класьці цэглу, ці быць камп’ютарным праграмістам.
Еўрарадыё: Але песень, прысвечаных будоўлі, шмат!
Юра Стыльскі: Я гэтага ўсяго зазнаў. І часам мне здаецца, што я ніколі не звалю з гэтай сістэмы назаўжды. Часам хочацца менавіта фізічна напружыцца. Пайсці ў Будтрэст №8, запісацца на ўкладку тратуарнай пліткі і месяц там макрануць, каб мозг завярнула. І пасля як папрэ! Ці на смеццевозку якую ўладкавацца. У мяне ёсць правы ― B,C ― паганяць, смецце павазіць, неяк так угарэць. Думаю, я вярнуся да гэтага па-любому…
Еўрарадыё: Калісьці я ездзіў у Полацак пісаць пра мясцовых музыкаў. Усе яны, у дадатак да музыкі, недзе падпрацоўвалі. Нават самыя крутыя ― Фула, вакаліст гурта “Мясцовы час”, ― працаваў майстром лядоўных усталёвак… Як так атрымалася, што ты можаш дазволіць сабе займацца толькі музыкай?
Юра Стыльскі: Гэта цяжка атрымалася. Дакладней, аўтаматычна. Нават без маёй згоды. Мне сказалі: “Звальняйся, бо мы цябе ўжо цярпець не можам!” Гэта было на мэблевай фабрыцы, я там працаваў на вельмі сур’ёзным праграмным станку. Ну і я туды-сюды на вольных, і неяк з прагрэбам… Але атрымалася! Бачыш, некаторыя ў бізнэсе сябе знаходзяць, але, як падумаю пра гэтыя падаткі сраныя, па 150, б.., еўра за кожны квадратны метр, і як ад гэтага ўсяго дах ірве… Калі чалавек на першым этапе такой кар’еры сваёй не абламіўся і не пайшоў здавацца на тату, на дзядзьку, на якога-небудзь незразумелага Пецю, гэта добра. Але, па вялікім рахунку, атрымліваецца так, што людзі ламаюцца, і нікуды ад гэтага не падзецца. Сям’я, дом, падаткі, крэдыты ў свой час заплаці… І вось, застаецца толькі кал.
“Я думаў, што пінжак робіць з мужчыны бацьку. А тут апрануў ― і нейкі Джэймс Бонд”
Еўрарадыё: Ты цяпер спяваеш панк. Ці не думаеш зрабіць лягчэйшаю і спакайнейшую праграму, так бы мовіць, для радыё і тэлебачання? Карацей, спяваць што-небудзь больш “папулярнае”?
Юра Стыльскі: А раптам так атрымаецца, што я напішу хіт, такі супер-мега, які падзярэ ўвесь свет, і гэта нам прынясе папулярнасць? А пакуль… Я з сябе адмыслова не высіраю тэмы такія, якія “вось-вось-вось, зараз…” Як атрымліваецца, а атрымліваецца вось што. І ўжо вам вырашаць, хіт гэта, ці не.
Еўрарадыё: Адна справа ― панк-хіт, а іншая ― поп-хіт.
Юра Стыльскі: Адмыслова папсіць песню, каб яна была салодкая, мне не хочацца. Мне хочацца, наадварот, каб яна была на вастрыні атакі: чэрствая, жорсткая, сухая. Каб больш праўды ў ёй было.
Еўрарадыё: Такое па радыё круціць не будуць. І ў рэкламу здымацца цябе не запросяць. І на бігбордах не будуць твой твар друкаваць…
Юра Стыльскі: Чый, мой? Зараз? Днямі знаёмы ўзяў мой фотаздымак для рэкламы пінжакоў, строгай вопраткі для салідных мужыкоў. Падарыў мне ўвесь гарнітур. Сказаў, што якраз-такі бігборды хутка і збіраецца зрабіць для крамы. Да, я такі ў кедах там… А мне прыемна, у мяне і пінжака-та ніколі не было. А там ён рэальна круты! Я заўжды думаў, што пінжак робіць з мужчыны бацьку. Пінжак ― значыць бацька… А тут апрануў ― і нейкі Джэймс Бонд.
“Я яму сказаў: “Саскоквай!” І ўсё”
Еўрарадыё: Як “Дай дарогу!” піша песні? Словы, зразумела, твае. А музыка?
Юра Стыльскі: Музыка таксама мая. Аранжыроўку робім разам. Я так пабрынькаю-пабрынькаю, пасля з Кірылам сядзем, басуху замуцім. І вось яшчэ бубнач новы — Фёдар у нас нешта прытаміўся.
Еўрарадыё: Ці хутка знаходзіце ўзаемаразуменне?
Юра Стыльскі: Усё ў пяць сек пачынаем разумець! Мы ж гадоў 15 ужо разам граем, я яго яшчэ са школы ведаю.
Еўрарадыё: А Кірыл цяпер таксама музыкай зарабляе?
Юра Стыльскі: Цяпер ― музыкай.
Еўрарадыё: Толькі музыкай?
Юра Стыльскі: Так. Я яму сказаў: “Саскоквай!” І ўсё.
Еўрарадыё: Працягваем меркантыльныя пытанні. Альбом “Сквозь г..но” вы прэзентавалі ў інтэрнэце. Ці не лічыце вы, што гурт недаатрымаў праз гэта?
Юра Стыльскі: Я пра гэта не думаў. Калі б нас які-небудзь лэйбл зачапіў і выдаў…
Еўрарадыё: Дык чаго ж не зачапіў?
Юра Стыльскі: Спяць! Але цяпер на mp3 ужо не заробіш. На чым, як гэта? Прасцей у інтэрнэт выкласці, і няхай хаваюць! Іншая справа ― ёсць сайты накшталт “Thank you”, дзе музыкаў можна аддзячыць за запіс. Калісьці Radiohead першымі выклалі туды альбом, і ён добра акупіўся. Але цяпер ужо і гэтым нікога не здзівіш. Ды ў кожным выпадку нехта набывае ў цябе дыск, і песні адразу ж трапляюць у інтэрнэт на бясплатную спампоўку.
Помнік “Бядронцы”
Еўрарадыё: Ці любіш Брэст? У песнях пра гэты горад рознае спяваецца.
Юра Стыльскі: Я там прызвычаіўся. Класны горад! Маленькі, кампактны. Польшча побач! Калі ёсць віза ― едзь у “Бядронку” [польская гандлёвая сетка танных тавараў. ― Еўрарадыё]! У нас увогуле ў Брэсце на плошчы Леніна замест Валодзі мусіць помнік “Бядронцы” стаяць. Вялікая такая багоўка высока на слупе.
Еўрарадыё: Дык што, не збіраешся з’язджаць?
Юра Стыльскі: Я, як звычайны чалавек, прызвычайваюся да месца. У мяне там сябры, знаёмыя, матуля, родныя, ну, як я паеду? Але, можа, і рванем куды. Але я хацеў бы абавязкова вярнуцца. Цягне! Мама, Радзіма, усё такое…
Еўрарадыё: Нават па-польску вы песню ўжо запісалі ― Chlopaki z Terespolu…
Юра Стыльскі: Да-да-да, быў такі шалёны прыкол!
Еўрарадыё: …а па-беларуску так нічога і няма! Чаму?
Юра Стыльскі: Не прывілі мне любоў да беларускай мовы. Тройка ў мяне была такая тугая… Так што ў беларускай мове я не ас. У нас была добрая настаўніца ў пачатковых класах. А пасля ― нейкая такая ўжо… З хрыплым голасам. Я яе не любіў, і яна мяне таксама. Думаю, усё залежыць ад выкладчыка, можна і матэматыку палюбіць. Хаця ў мяне склад мыслення не матэматычны. Справа яшчэ ў тым, што ў мяне памяць дрэнная. Я крыху прытарможваю. Вось я вершы не мог завучваць напамяць. А калі быў у войску ― не мог вывучыць прысягу. Першы сказ запомню ― і ўсё, далей проста не лезе ў галаву! Кажуць, што гэта дыслексія ― хвароба такая. Але што гэта такое ― я не ведаю!
Муляж чыноўніка
Еўрарадыё: Ты сам не думаеш у парламент пайсці? Бо ты ж у Брэсце папулярны чалавек! Сабраць подпісы не будзе праблемы.
Юра Стыльскі: А што, добрая ідэя! Кірыл, ты будзеш за мяне галасаваць? Я ў парламент пайду.
Кірыл Скам’ін, басіст “Дай дарогу!”: Не, я за яго галасаваць не буду! Шчыра.
Юра Стыльскі: А як часта выбары ў парламент?
Кірыл Скам’ін: Раз на чатыры гады.
Еўрарадыё: Наступны раз ― праз чатыры гады!
Юра Стыльскі: О, як добра! Якраз мы растаўсцеем!
Кірыл Скам’ін: Дзе ты тут растаўсцееш?!
Юра Стыльскі: Пуза сабе адрашчу, як у сапраўднага чыноўніка!
Кірыл Скам’ін: З муляжом будзеш хадзіць!
Юра Стыльскі: І лавэ якраз ужо будзе ў нас. Мы ўсіх купім!
Фота: Еўрарадыё.