“Раніцу” не закрылі, а ператварылі ў дадатак да “Переходного возраста"

Ад кастрычніка падпісчыкам дзіцячай беларускамоўнай газеты “Раніца” пачалі адмаўляць ў далейшай падпісцы. У паштовых аддзяленнях кажуць, што падпіснога індэкса “Раніцы” не існуе.

Еўрарадыё высветліла, што выданне знікла не да канца. Вось што распавялі Еўрарадыё у газеце “Переходный возраст":

“Яна будзе выходзіць штомесячным дадаткам газеты “Переходный возраст". Выпісвацца і распаўсюджвацца будзе па індэксе нашай газеты. У нас у дзяржаве дзве дзяржаўныя мовы. “Переходный возраст" таксама выходзіць і на рускай, і на беларускай мове. “Раніцу”, калі вас цікавіць наш намер, мы хочам захаваць на беларускай мове”.

У кіраўніцтве холдынгу, які выдаваў “Раніцу”, Еўрарадыё патлумачылі, што прычыны зліцця адзінай беларускамоўнай дзіцячай газеты краіны празаічныя — адсутнасць грошай:

“Прычына самая звычайная. Прычына фінансавая. Яна мела невысокі тыраж і яе самаакупнасць была вельмі нізкай. Для таго, каб яна выходзіла хоць якім-небудзь чынам, яна будзе выходзіць так. Плюс інтэрнэт-версія”.

Інтэрнэт-версіяй “Раніцы” будуць задаволеныя ня ўсе. Грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, які адным з першых апублікаваў інфармацыю аб закрыцці “Раніцы” як самастойнага выдання, гаворыць, што інтэрнэт друкаванай газеты не заменіць.

“Мы выпісвалі “Раніцу”. Выпісвалі яе два гады. Гэта адзінае выданне для старэйшых школьнікаў, для падлеткаў па-беларуску. Адзіная газета, якая выходзіла дасюль у гэтай краіне. І трэба сказаць, што газета падабалася маёй дачцэ, якой 13 гадоў. Яна знаходзіла там нешта для сябе. У розных тэкстах… Безумоўна, у інтэрнэце можна шукаць, знаходзіць цікавыя старэйшым школьнікам і падлеткам тэксты, матэрыялы. Але гэта адна рэч, а другая рэч – друкаванае выданне з якім можна заваліцца на канапе пад кубачак гарбаты… Усё ж такі гэта самастойны эстэтычны і культурны феномен”.

У “Настаўніцкай газеце” пакуль не прагназуюць, што будзе адбывацца далей з яе выданнямі. Кажуць, што лёс іх залежыць ад рашэння Міністэрства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі