Дзверы Цэнтравыбаркама перад сябрамі АГП і ПБНФ зачыняць 16 верасня

120822 LukashukVybary.mp3

Сябрамі Цэнтравыбаркама з правам дарадчага голасу сталі Віктар Карняенка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Ігар Лялькоў — ад Партыі БНФ. Але ж гэтыя партыі не збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах да канца. Што тады на пасяджэннях камісіі збіраюцца рабіць Карняенка і Лялькоў, калі “іх” кандыдаты здымуцца?


Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік загадзя папярэджвае: як толькі зняцце адбудзецца, так і шыльды з прозвішчамі Карняенкі і Лялькова з залы пасяджэнняў ЦВК прыбяруць.


Мікалай Лазавік: “Значыцца — да пабачэння! Калі ў выбарах партыя не ўдзельнічае, выбачайце, а якое дачыненне будзе мець іх прадстаўнік да працы Цэнтральнай камісіі? Яны сышлі на бакавую”.


Віктар Карняенка маральна гатовы, што 16 верасня дзверы ЦВК перад ім больш не адчыняцца. За дзень да таго, 15 верасня, пройдзе з’езд АГП, на якім, найхутчэй, будзе прынята рашэнне аб зняцці кандыдатаў.


Віктар Карняенка: “Мой час знаходжання ў ЦВК абмежаваны рашэннем з’езда наконт далейшага лёсу кандыдатаў”.


Па дзіўным супадзенні ў той жа дзень пройдзе з’езд і Партыі БНФ.


Ігар Лялькоў: “Будзе прымацца канчатковае рашэнне пра зняцце кандыдатаў. Усе кандыдаты падпарадкуюцца рашэнню з’езда”.


Але Лялькоў не ўпэўнены, што выдаліць яго з ЦВК будзе так проста. Нават нягледзячы на папярэджанне Лазавіка.


Ігар Лялькоў: “Такога прэцэдэнта ў Беларусі яшчэ не было, і гэта павінна прайсці праз нейкія працэдуры. Я не думаю, што гэта будзе да такой ступені аўтаматычна. Будзе новы досвед і для мяне, і для Лазавіка”.


За тры тыдні сяброўства ў ЦВК Лялькоў і Карняенка збіраюцца выкрыць сапраўдную існасць Цэнтравыбаркама. Для гэтага толькі і трэба, што агучыць дзве свае прапановы.


Віктар Карняенка: “Першая — па парадку падліку галасоў, другая — па правах назіральнікаў. Калі нашы прапановы будуць адхіленыя, камісія сябе выкрывае — яна не згаджаецца, што галасы трэба лічыць публічна на ўзроўні ўчастковых камісій”.

Пасля пазбаўлення сяброўства ў складзе ЦВК застанецца толькі адзін прадстаўнік дэмсіл — старшыня "Справядлівага свету" Сяргей Калякін. Яму калегі дэлегуюць паўнамоцтвы па агучванні ўсіх прэтэнзій. Бо прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі Георгія Атаманава і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Аляксандра Радкевіча “сваімі” не лічаць.


Сярод шасці нацыянальных назіральнікаў, акрэдытаваных пры ЦВК, ёсць і прадстаўнік Партыі БНФ. Яго гэтага статусу пасля зняцця партыйных кандыдатаў не пазбавяць. Толькі агучваць парушэнні ён права не мае.

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі