Глыбоцкім рабочым плацяць каўбасой?

130418_hlybokae.mp3

Работнікі глыбоцкіх прадпрыемстваў і арганізацый сцвярджаюць, што ім выплачваюць частку заробку прадукцыяй мясцовага мясакамбіната. Як распавёў Еўрарадыё рабочы мясцовага аграсэрвіса, з падобнай сітуацыяй сутыкнуліся працаўнікі Глыбоцкага камбікормавага завода, малочнакансервавага камбіната, ААТ “Купцоў” ды Глыбоцкага мясакамбіната.

Рабочыя абураюцца, што прадукцыю яны мусяць набываць прымусова, ды і якасць мясных вырабаў не заўсёды добрая.

Дырэктар Глыбоцкага аграсэрвіса Васіль Якімовіч сцвярджае, што заробак у поўным аб’ёме выплачваецца грашыма, а не мясной прадукцыяй.

“Адкуль вы гэта ўзялі такое?” — здзіўляецца Якімовіч.

Аднак рабочыя даказваюць сваё і напісалі скаргі ў мясцовую адміністрацыю, расказвае Еўрарадыё мясцовы жыхар Мікалай:

“У нас у Глыбокім увайшло ў моду выдаваць заробак рабочым часткова прадукцыяй, часткова — зарплатай. У асноўным, прадукцыя гэта мясакамбінатаўская. Каб можна было прайсці ў краму, выбраць прадукцыю на свoй густ — а так, выдаюць прадукцыяй не першай свежасці, каўбасу, каўбасныя вырабы… Людзі скардзіліся ў мясцовую адміністрацыю, гэта нічога не дало, усё на тым жа ўзроўні, людзі незадаволеныя”.


Паводле заканадаўства, частка заробку можа выплачвацца прадукцыяй, але гэта мусіць быць прапісана ў працоўным дагаворы і рабочыя мусяць выказаць на гэта сваю згоду, адзначае праваабаронца Беларускага Хельсінскага Камітэта Ганна Мартыноўская:

"Прадугледжваецца (працоўным заканадаўствам. — заўв. Еўрарадыё) замена грашовай аплаты поўнасцю альбо часткова натуральнай аплатай — гэта так званая змяшаная форма аплаты. Яна дапускаецца толькі са згоды працаўніка і можа быць прадугледжаная ў калектыўнай дамове".


Згодна са словамі рабочых, начальства тлумачыць ім, што прадукцыя даецца незалежна ад заробку, у якасці дадатковага стымулу: маўляў, хочаш — бяры, не хочаш — не бяры. Аднак калі не бярэш, то грашовай кампенсацыі за мясную прадукцыю не атрымаеш.

Супрацоўніца бухгалтэрыі аднаго з глыбоцкіх прадпрыемстваў, якая пажадала застацца неназванай, паведаміла Еўрарадыё, што ў справаздачу па заробках гэтая мясная прадукцыя ўваходзіць. Праўда, з яе не вылічваецца падаходны падатак, аднак плацяцца ўзносы ў пенсійны фонд.

Не так даўно кіраўнік вобласці Аляксандр Косінец паставіў задачу перад прадпрыемствамі Віцебшчыны давесці да канца года сярэдні заробак да 800 долараў. Каб дасягнуць пастаўленай мэты, прадпрыемствам даводзіцца выкручвацца.

Тым часам мясцовыя рабочыя спадзяюцца толькі на тое, што агучванне гэтай праблемы ў СМІ дапаможа ім у змаганні за сваё права атрымліваць заробак у грашовай форме.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы "Кардыяграма".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі