Гурт RockerJoker адыграў незвычайны кватэрнік (Фота, відэа)

120529 Malina RJ.mp3

Гурт RockerJoker далучыўся да хвалі кватэрных выступаў, якая апошнім часам карыстаюцца папулярнасцю ў беларускіх рокераў. Праўда, музыкі вырашылі зусім па-іншаму падыйсці да імпрэзы.

Свой хатні выступ яны зладзілі ў фотастудыі Polux, куды прывезлі апаратуру ды накрылі стол з шампанскім у тазіку, півам і разнастайнымі закускамі, якія гатавалі ўласнаручна.

"Тое, што мы сёння разам з вамі бачым, гэта такі даволі цікавы эксперымент, - пачалі свой выступ RockerJoker. - Збіралі людзей розным чынам, і мы не ведаем, хто ды як вас сюды запрасіў! Нам бы вельмі хацелася праводзіць тут такія мерапрыемствы пару разоў на месяц. Запрашаць не толькі розных музыкаў, можа, нейкія спектаклі, монаспектаклі... То бок, калі будзе магчымасць памацаць фронтмэнаў, ці нейкіх самых важных персанажаў за рэбры".


Праўда, каго наступным разам зможа памацаць публіка, засталося таямніцай. RockerJoker ахарактарызавалі іх, як беларускія акустычныя рэгі, пост-панк, тэатр ды брыт-поп. Ведаючы, з кім сябруюць музыкі, можна зрабіць вынік, што бліжэйшымі ў Polux-Studio адыграюць кватэрнікі Botanic Project, "Кассиопея", "Петля Пристрастия"… Вось толькі з тэатрам незразумела... Хіба "Серебрянная свадьба"!?


"Цытуючы Кінчава: "Беседы на сонных кухнях, танцы на пъяных столах...". Не гэтага хацелася, - раскрывае сваё бачанне такіх канцэртаў Міхей Насарогаў. - Хацелася б усяму, што робіш, даваць зарадку на плюс. Карацей, гэта мерапрыемства не стромнае, сюды можна было б яшчэ трошкі людзей, але было б ужо дыскамфортна. Тут мусіць прысутнічаць пачуццё Дня нараджэння".


RockerJoker выходзілі ў залу кожныя пяць-шэсць песень, менавіта, каб "памацаць за рэбры" прысутных, каб даць ім "памацаць" сябе, яны выпівалі разам, выходзілі папаліць, падколвалі адзін аднаго.

Ужо з першых акордаў публіка паводзіла сябе вельмі актыўна. Нават, калі музыкі выконвалі новыя песні, ужо другі прыпеў спявалі ўсе разам.

Прэзентацыя першай песні на замову, якая атрымала назву "Коммунизм"


Гукарэжысёр студыі "ОСМОС" Гарык Плевін, які стаяў за пультам, быў вельмі здзіўлены тым, што адбываецца.


"Я другі раз толькі на кватэрніку, першы раз быў нядаўна ў Памідорава, - ўсміхаецца Гарык. - І ў мяне няма адчування, што тут сабраліся чужыя людзі. І, хутчэй за ўсё, тут чужых збірацца не будзе, будуць толькі свае. Таму я расслабляюся. Падчас саўндчэка мы ўсё наладзілі, а зараз людзі падзарадзіліся і часам даводзіцца гучней рабіць. Раблю, баюся толькі, каб апаратура не ўзарвалася".


Дзесьці праз гадзінку людзі перамяшаліся, перазнаёміліся... Нават палякі, якія зайшлі выпадкова, ды масквічкі, якія прыехалі адмыслова, скакалі разам з беларускімі прыхільнікамі гурта.


"Улічваючы, што для мяне гэта ўпершыню, то я, натуральна, крыху напружаны, але так "лайтова", - дзеліцца ўражаннямі гаспадар фотастудыі Аляксандр Галушка падчас кватэрніка. - Хвалююся, бо не разумею, як мы збяром потым усіх разам і прыгожа выйдзем з гэтага памяшкання. Але спадзяюся, што ў будучым гэта ўсё перарасце ў такую андэграўндную плынь. Моладзь будзе збірацца на такіх маленькіх мерапрыемствах, і гэта будзе, так бы мовіць, узровень".


Нягледзячы на перасцярогі Аляксандра ў 23 гадзіны ўсе паціху разышліся, прыхватваючы з сабою рэшткі закусак ды піва, каб працягнуць вечар самастойна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі