III Еўрапейскі кангрэс правоў чалавека абмеркаваў Беларусь, Расію, Украіну
Ён прайшоў 6 снежня ў польскім горадзе Катавіцэ.
Кангрэс быў цалкам прысвечаны працэсам дэмакратызацыі ва Усходняй Еўропе. Сярод беларускіх удзельнікаў — дырэктар Еўрарадыё Зміцер Новікаў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, рэдактарка сайта "Хартыя-97" Наталля Радзіна. Між іншым, яны паўдзельнічалі ў дыскусіі на тэму ролі новых медыяў у працэсах дэмакратызацыі Беларусі.
На ІІІ Еўрапейскім кангрэсе правоў чалавека акрамя беларускага пытання абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ва Украіне пасля парламенцкіх выбараў, а таксама аналізаваліся сёлетнія пратэставыя акцыі ў Расіі. Неаднаразова згадваўся лёс палітвязняў, якія ёсць не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне і Расіі.
У каментары Еўрарадыё ўкраінскі эксперт з аналітычнага Інстытута Гаршэніна Канстанцін Вінакураў распавёў пра верагодныя механізмы вызвалення з-за кратаў былога прэм'ер-міністра Украіны Юліі Цімашэнкі і былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Луцэнкі:
Вінакураў: "Можна ўпэўнена сказаць, што ў гэтай сітуацыі Юлія Цімашэнка будзе заставацца за кратамі. Што рабіць, каб дапамагчы? Думаю, адказу на гэтае пытанні ніхто не мае, інакш ужо нейкі рэцэпт знайшлі б — і яе вызвалілі. Шмат што залежыць ад нашай апазіцыі. Ці здолее яна аб'яднацца і ці будзе яна паслядоўнай? Калі так, то яна мусіць дамагацца вызвалення сваіх лідараў".
Фота — kontrkultura.eu