"Імпартазамяшчальныя" тавары на 100% складаюцца… з імпарту
Сыравіну для таблетак прывозяць з Германіі, запчасткі для газонакасілак — з Кітая, і нават каробкі для парашка закупляюць у Швецыі.
Каб вырабіць "імпартазамяшчальную" супрацьвірусную таблетку “Арпетол”, трэба спачатку ўсю сыравіну купіць за мяжой.
"Уся сыравіна, з чаго складаецца нашы лекі, завозіцца з-за мяжы. Тут — толькі вытворчасць сваімі сіламі. Вось такая наша таблетка", — кажа Еўрарадыё начальнік аддзела маркетынгу кампаніі "Лекфарм" Аксана Дземянцей.
Паводле словаў спецыяліста, распрацоўваць лекавыя субстанцыі самім у Беларусі — вельмі дорага.
Дземянцей: "… таму ўсе субстанцыі даводзіцца купляць за мяжой. На жаль, дапаможныя элементы купіць у Беларусі таксама немагчыма. Усё завозіцца — субстанцыя, дапаможныя элементы..."
Сыравіну для беларускай "імпартазамяшчальнай" таблеткі вязуць з усяго свету, адзначае Аксана Дземянцей:
"Штосьці завозім з Іспаніі, нейкія прэпараты — з Даніі, з Венгрыі, большасць субстанцый пастаўляецца з Германіі. Таксама з Індыі".
Як даведалася Еўрарадыё, такая самая сітуацыя і ў іншых вытворцаў лекаў. Некаторыя кампаніі ўвогуле займаюцца толькі фасоўкай. Тлумачыць Еўрарадыё намеснік дырэктара інфармацыйна-аналітычнага агенцтва "Інфафарм" Аляксандр Шавель.
"Шавель": "…прывозяць гатовыя таблеткі, якія ідуць ва ўпакоўках па 1000-10000 штук, яны іх расфасоўваюць ва ўпакоўку па 10-30…"
Беларускія газонакасілкі, якія вырабляюць на "Гомельскім мотарамонтным заводзе", на праверку апынуліся таксама не зусім беларускімі.
Еўрарадыё: Ведаем, што вы вырабляеце беларускія газонакасілкі. А колькі ў іх беларускіх камплектуючых і колькі — імпартных?
Завод: 100%
Еўрарадыё: 100% чаго?
Завод: Імпартнага.
Еўрарадыё: А адкуль завозіце?
Завод: З Кітаю.
Доля імпарту ў пральных машынах “Атлант” — 42%, у шкле “Гродзенскага шклозавода” — 84%. Пры вытворчасці цыгарэт імпартная сыравіна займае амаль 70% ад сабекошту, алею — 82%...
“Мы купляем вельмі шмат камплектуючых: 40% у Еўропе, 30% у Расіі і Казахстане, 30% — у Беларусі, — кажуць вытворцы беларускага пральнага парашка “Мара”. — Вось гэты пакет мы купляем на Урале, вось гэты кардон мы купляем у Швецыі… Мы раней куплялі соду ў Польшчы, цяпер купляем у Расіі. Аддушкі купляем у сусветнага лідара, які знаходзіцца ў Швейцарыі. Вядома, ёсць 28 беларускіх вытворцаў аддушак. Але не ўпэўненыя, што падчас прання захаваецца пах, ёсць некаторыя нюансы…”
Але Еўрарадыё ўсё ж такі знайшло “імпартазамяшчальны” тавар, у якім выключна беларуская сыравіна. Гэта… зубачысткі! Пінскае прадпрыемства "УП ЭлКіс" выпускае зубачысткі з нашай, беларускай, бярозы.