Куды і колькі грошай укладаюць беларускія эканамісты? +Табліца з прагнозам
Багданкевіч паклаў у банк 4 млн рублёў, Чалы рызыкуе па-буйному, а Заіка не раскрывае сваіх сакрэтаў.
Еўрарадыё даведалася, ці вераць беларускія эканамісты сваім прагнозам. Праверылі экспертаў рублём: распыталі іх пра тое, дзе яны захоўваюць свае грошы.
Аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб сумаў, якія ўклаў у банкі, не называе. Але прызнаецца: палова ўнёскаў ― у рублях. Адсоткі па рублёвым дэпазіце пакрыюць і інфляцыю, і павольнае слабенне рубля.
Вадзім Іосуб: “Дэвальвацыі я [у бліжэйшыя 3 месяцы. ― Еўрарадыё] не чакаю. Курсы замежных валют, у прыватнасці долара, будуць сярэднетэрмінова расці, але расці павольнымі тэмпамі”.
З Вадзімам Іосубам не згодныя двое з апытаных экспертаў. Доктар эканамічных навук, акадэмік Пётр Нікіценка лічыць, што курс бліжэйшым часам не зменіцца. А старшыня даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук прадказвае, што долар перакрочыць псіхалагічны рубеж у 9 тысяч рублёў бліжэйшым часам.
Яраслаў Раманчук: “Курс будзе вагацца ад 9 да 11 тысяч рублёў, гэта я кажу ўжо не пра канец 2012, а пра першы квартал наступнага года”.
Цікава, што Раманчук, які, згодна са сваім прагнозам, мог бы добра зарабіць, набыўшы зараз долары, ніякіх ашчаджэнняў сёння ўвогуле не робіць. Усё ўкладае ў сына, які нарадзіўся 17 кастрычніка. А Нікіценка, які верыць у трываласць рубля, мае толькі невялікі рублёвы дэпазіт.
Пра тое, як размеркавалі свае грошы беларускія эканамісты, глядзіце ў табліцы:
Рублёвы дэпазіт |
Валютны дэпазіт |
|
Вадзім Іосуб |
50% |
25% долары, 25% еўра |
Сяргей Чалы |
40% (“недалёка ад 100 мільёнаў”) пад 44% гадавых на 3 месяцы |
60% “як мінімум у трох валютах” |
Пётр Нікіценка |
Грошы + маёмасць, але асноўнае ― маёмасць. Прыкладна 50% ашчаджэнняў ― на рублёвым дэпазіце пад 40% гадавых. |
|
Станіслаў Багданкевіч |
4 мільёны рублёў для сына пад 30% гадавых на 2 месяцы |
100% |
Яраслаў Раманчук |
Дэпазітаў не мае, бо ўсё ўкладае ў сына, які нарадзіўся 17 кастрычніка |
|
Леанід Заіка |
Сакрэт, бо такія кансультацыі дае толькі за вялікія грошы |
Дэпазіты беларускіх эканамістаў, у % ад агульнай колькасці банкаўскіх унёскаў.
Паводле слоў незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, кастрычнік ― апошні месяц, калі ўкладацца ў рублі сапраўды мае сэнс.
“Якраз зараз з боку Нацбанка пайшла больш жорсткая крэдытная палітыка, прычым банкі не ведаюць, колькі яна працягнецца. Таму менавіта цяпер вельмі добры момант, каб скарыстацца тым, што стаўкі па дэпазітах у рублях узляцелі, ― раскрывае карты Сяргей Чалы. ― Узяць які-небудзь дэпазіт з фіксаванай стаўкай на колькі не страшна, можа, месяцы на тры. Бо пасля яны будуць меншыя”.
Ну а што ж сам эканаміст? Чалы распавядае Еўрарадыё, што зрабіў банкаўскі ўнёсак на 3 месяцы пад 44% гадавых. Сума, згодна са словамі эксперта, даволі буйная: “недалёка ад 100 мільёнаў”. Але больш за палову сваіх ашчаджэнняў Чалы ўсё ж захоўвае ў замежных валютах, прычым “як мінімум у трох”. Вось яна, надзейная формула поспеху!
Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч таксама мае рублёвы дэпазіт ― “для сына-студэнта”. Але… усяго 4 мільёны! Гэта не грошы, што для пенсіянера, што для студэнта.
Станіслаў Багданкевіч: “4 мільёны рублёў на 2 месяцы пад стаўку 30%. І ён за месяц ужо атрымаў 100 тысяч дывідэндаў”.
Стаўка, якую зрабіў Багданкевіч, вельмі асцярожная. Што праўда, эксперт прызнаецца, што не любіць усе гэтыя спекуляцыі на курсах. Пра тое ж кажа і Раманчук.
Зрабіў рублёвы ўнёсак і загадкавы карыстальнік “Жывога журнала” з нікам tadavsh. На яго думку, каб дасягнуць абяцанага пры пачатку года ВУП у 5%, урад мусіў бы ці апускаць стаўку рэфінансавання, ці ўрубаць друкарскі станок, а ні таго, ні другога рабіць не збіраецца. Маўляў, ахвяравалі прагнознымі паказчыкамі для падтрымання макраэканамічнай стабільнасці. У такім разе кароткатэрміновыя рублёвыя дэпазіты пад 40-45% выглядаюць надзейна.
Але ёсць адно “але”: Аляксандру Лукашэнку можа не спадабацца, што эканоміка не прырасла на абяцаныя 5%, і ён прыме чарговыя кадравыя рашэнні. Рэцэпт ад такога развіцця падзеяў быццам бы падказвае ўраду Пётр Нікіценка:
“Шляхам, так бы мовіць, рэгулявання грашовай палітыкі можна дасягнуць любых паказчыкаў. Які змест будзе ў гэтым працэнце росту ― гэта іншае пытанне. А з гледзішча дасягнення паказчыкаў… Я магу зрабіць вам любы мэтавы паказчык, які вы папросіце”.
Прагнозы эканамістаў па асноўных паказчыках:
Аднамомантавая дэвальвацыя ў бліжэйшай перспектыве |
Курс долара ў бліжэйшыя 3 месяцы… |
9 тысяч рублёў за долар да канца 2012 |
Грашова-крэдытная палітыка Нацбанка… |
Прагноз па ВУП (5-5,5%) |
Заробак у $500 да канца 2012 |
|
Вадзім Іосуб |
не |
…павольна расце |
не |
…робіцца больш жорсткай |
не |
так |
Сяргей Чалы |
не |
…павольна расце |
не |
…больш жорсткая ў бліжэйшы час, больш мяккая надалей |
не |
так |
Пётр Нікіценка |
не |
…практычна не змяняецца |
не, але можа наблізіцца пад уплывам негатыўных прагнозаў “экспертаў” |
…не зменіцца: стаўка рэфінансавання будзе павольна апускацца, а “мусіць сысці да 2-3%” |
так, бо “шляхам рэгулявання грашовай палітыкі можна дасягнуць любога паказчыка” |
так |
Станіслаў Багданкевіч |
не |
…павольна расце |
не |
…залежыць не ад Нацбанка; зніжэнне стаўкі рэфінансавання |
не |
так, калі ўтрымаюць курс долара |
Яраслаў Раманчук |
не |
…павольна расце |
так, а ў I квартале 2013 года ― ад 9 да 11 тысяч |
“…можна прадказаць, што яна непрадказальная” |
не |
так, але адразу пасля Новага года ― ізноў менш |
Леанід Заіка |
не |
…павольна расце |
не |
…у бліжэйшы час больш жорсткая, чым раней у 2012 |
так, бо будуць прыпіскі |
так |
Фота: www.websmi.by.