Лаўрэль усадзіў за адзін стол еўрапейскіх дыджэяў і кандыдата ў прэзідэнты
У мінскім клубе The Black Door беларускі піянер фанку дыджэй Лаўрэль адзначыў 10 год сваёй творчасці.
На вечарыну ў стылі эклектык-фрыстайл прыехалі дыджэі з Брытаніі і Германіі. Завітаў нават кандыдат у прэзідэнты Саннікаў!
Атмасфера элітнага еўрапейскага тусача — вось што панавала ў клубе ў ноч з 13 на 14 лістапада. Хоць юбіляр Лаўрэль абяцаў "дэмакратычнасць ва ўсім", на справе атрымалася, што фэйс-кантралёры клубу жорстка сартавалі, каму варта паслухаць фанк, хіп-хоп, соўл і джаз, а каму — не.
Але гэта ўсяго адзін непрыемны момант. Далей за дзвярыма наведвальнікаў чакаў сапраўдны акіян разнастайных музычных стыляў.
Першым танцполам даручылі кіраваць беларускім "чэрэватаўцам" — Diamos Roll і Eye 3 Elate. Рабілі гэта хлопцы-дыджэі выдатнейшым чынам. Часам нават цікавей, чым госці на другім, "зорным" танцполе.
Там ноч адкрыў сам Лаўрэль. Змяніў яго немец Флорыян Келер (Florian Keller). Пасля, упершыню ў Мінску, зайграў брытанец DJ Format, якога працягнуў зноў жа брытанец Дом Сервіні (Dom Servini), і дзесьці каля трэцяй раніцы ўсе зоркі зліліся ў нейкую шасцірукую істоту і пачалі каўбасіць вясёлы драм-н-бэйс.
Тая яшчэ ночка! І тая яшчэ публіка. Прыглядзеўшыся, мы пабачылі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Што ж робіцца? Палітыкі на дыскатэках?
У размове з Еўрарадыё Саннікаў прызнаўся, што звычайна на дыскатэкі не ходзіць. Але тут — такая нагода.
Саннікаў: "Гэта
імпрэза асаблівая. Я вельмі добра ведаю Лаўра Бяржаніна і вельмі
паважаю яго за тое, што ён робіць. І калі мяне запрасілі, я не мог
адмовіць. Але танчыць мне тут не ўтульна, бо гэта ўсё-такі не мая
музыка. Мая — гэта класіка рока".
Цікава, як адрэагавалі дыджэі на такога госця? Еўрарадыё запытала ў DJ Format, якога заўважыла за адным сталом з палітыкам.
Dj Format: "Dj Format адчувае сябе вельмі
дзіўна. Можа, я зараз скажу дрэнную рэч, але я ніколі не галасую ў
Англіі. З майго досведу, усе палітыкі пачынаюць добра, сапраўды хочуць
дапамагчы людзям, а заканчваюць карупцыяй.
Але ў вас іншая палітычная сітуацыя, таму нават я, непалітычны чувак, гатовы падтрымаць вашы дэмакратычныя рухі".
Давайце вернемся да музыкі, ўсё ж яна тут галоўная. Еўрарадыё не абмінула магчымасці паразмаўляць з нямецкім дыджэем Флорыянам Келерам з Compost Records, каб запытаць, што цяпер адбываецца з музыкай ў Германіі.
Флорыян: "У Германіі цяпер усё вельмі эклектычна. Людзі стаміліся ад тэхна і шукаюць чагосьці новага. Але гэтага новага няма! Таму ўсе нарэшце перасталі зацыклівацца на нечым адным. І гэта вельмі крута".
Таксама Флорыян, вядомы сваімі шоў на японскім вэб-радыё Samurai.fm, параіў новую музычную крыніцу.
Флорыян: "Samurai.fm вельмі класныя, але апошнім часам з'явілася новая станцыя — Mixcloud.
Мне здаецца, гэта першая вэб-радыёстанцыя, якая грае музыку легальна,
то бок яны плацяць усім аўтарам. Уяўляеце? Гэта парадайз!".
Дыджэй, а таксама ўладальнік лейбла WahWah45s Дом Сервіні ў Мінск прыехаў ужо трэці раз. Ён асабліва любіць Лаўрэля.
Дом Сервіні: "Дыджэй Лаўрэль –
вельмі класны! Ведаеце, у чым яго сакрэт? У росце! Ён невысокі, і таму
знаходзіцца бліжэй да пульта з кружэлкамі! (смяецца).
Вы вельмі шчаслівыя, што маеце яго. І не трэба скардзіцца, што ён у вас адзін такі. Паверце, лепш мець аднаго выбітнага дыджэя, чым сто звычайных". А вось брытанец Dj Format быў прыемна задаволены нашай публікай.
Dj Format: "Яны ведаюць мае кружэлкі! Як такое
магчыма? Я звычайны хлопец з Брытаніі, які любіць музыку... Я ніколі не
мог падумаць, што нехта ў Беларусі ведае маю творчасць. А тут падышоў
да мяне хлопец з копіяй майго альбома і папрасіў падпісаць... Гэта для
мяне лепшы камплімент".
Публіка, у сваю чаргу, была задаволеная ўсімі дыджэямі. "Ох, даўно такога не было!" — даносілася з танцполу.
Напрыканцы дыджэі перадалі прывітанне ўсім слухачам Еўрарадыё.
Флорыян Келлер: "Атрымлівайце асалоду ад музыкі, спадзяюся, вы гэта ўжо робіце!"
DJ Former: "Адмыслова з Беларусі адпраўляю вам, слухачам Еўрарадыё, пасланне: слухайце хіп-хоп і фанк, а не толькі жудасную камерцыю. Ведайце, ёсць шмат людзей, якія робяць крутую "старамодную" музыку!"
Лаўрэль: "Я шчаслівы, што вы мяне падтрымліваеце, я заўсёды буду рады дзяліцца з вамі сваёй энергетыкай і адчуваннямі!".
У The Black Door адбылася толькі першая частка святкавання Лаўраўскай творчай дзесяцігодкі. Другая частка прызначана на 20 лістапада ў мінскім клубе "Кайот", куды прыедзе вядучы эм-сі свету — MC Coppa.
Мо, і Абаму там можна будзе сустрэць, які адплясвае пад "Чэрэвату". Лаўрэль?
Фота: Міця Аганесян