Litesound: Пераглядзелі свой выступ у паўфінале. Ну, нічога, усё ідэальна!
Зваротныя квіткі дадому хлопцы набылі на 27 траўня, на раніцу пасля фіналу.
Чарговы беларускі гурт “абламаўся” на “Еўрабачанні”. Хлопцы гуляюць па Баку, бо зваротныя квіткі яны набылі на 27 траўня, пасля фіналу. Еўрарадыё размаўляе пра паражэнне з дырэктарам гурта, бацькам франтмэнаў Litesound Юрыем Каракіным.
Найперш пытаюся, як прайшоў вечар пасля паўфіналу:
Юрый Каракін: “Вясёлым вечар не быў. Усе былі ў шоку… Першыя паўгадзіны ўвогуле з трансу не маглі выйсці, настолькі нечаканы вынік. Пасля выступу і Дзіма, і ўсе астатнія хлопцы ўвогуле не хваляваліся, сядзелі ў зале. А падчас абвяшчэння вынікаў Дзіма нават не зразумеў, што адбылося. Уночы ў гатэлі да Litesound падышоў шведскі каментатар, мужчына гадоў пад сорак і пачаў віншаваць: “Які ў вас цудоўны нумар, як нам спадабалася!” І раптам бачыць, што хлопцы на яго здзіўлена вельмі глядзяць. Ён пытаецца: “Што такое?” А мы яму ў адказ: “Дык мы ж не прайшлі!” Яго гэта вельмі засмуціла”.
Першае, што беларускія музыкі зрабілі пасля таго, як вярнуліся ў гатэль ― пераглядзелі свой выступ і засталіся задаволеныя.
Юрый Каракін: “Мы аддзячылі адно аднаго за добра зробленую працу. Зразумела, што віна не наша была…. Ну і ўсё, а пасля гэтага прыйшлі галандцы, запрасілі нас на сваю вечарынку. Яны радасна святкавалі свой непраход. Мы песні з імі спявалі паўночы, і ў хлопцаў настрой крыху выправіўся”.
Па словах Юрыя Каракіна, выступ Litesound прайшоў... ідэальна.
Юрый Каракін: “Мы адразу ж у нумары ўсё пераглядзелі. Ну, нічога, усё ідэальна! Ніякіх хібаў ніхто не заўважыў. А мы да ўсяго ставіліся вельмі патрабавальна! Была і занепакоенасць у нас: на рэпетыцыі некалькі разоў Якапа [Якапа Маса, удзельнік Litesound. ― Еўрарадыё] зрываўся з платформы. Былі на рэпетыцыі праблемы з вакалам, некуды крыху з’язджалі… Але тут ― тут усё было ідэальна!”
А вось персанал арэны, якая прымае “Еўрабачанне 2012”, не здолеў паразумецца з фанаграмай, якую прынеслі Litesound.
Юрый Каракін: “Калі быў выступ перад журы, быў чыста тэхнічны збой, у якім вінаваты персанал Crystal Palace. Святло было не такое, як мела быць, а дакладней ― музыка і святло не ўвайшлі ў сінхранізацыю. Рэжысёр спыніў нумар. Нешта паправілі, і запусцілі ўсё нанова. Я не думаю, што гэты збой быў вельмі істотны. Хіба што, па хлопцах псіхалагічна ўдарыў, яны і так не вельмі добра трымаюцца, калі стаяць на сцэне перад пустой залай…”
У часе паўфінала “Еўрабачання” нумар Litesound чамусьці “прыглушылі” ― гэта было адчувальна не толькі тэлегледачам, але і тым, хто сядзеў у зале:
Юрый Каракін: “Калі выступалі канкурсанты да і пасля Litesound, было вельмі гучна, акустычны ціск ― амаль да непрыемных адчуванняў у вушах. А вось калі мы выступалі ― сапраўды адчувалася, што ўзровень гуку стаў ніжэйшы, і “We are the heroes” прагучала цішэй... Суб’ектыўна, гэта было добра чуваць. А любая выпадковасць тут ― добра падрыхтаваная, таму незразумела, што гэта такое”.
Litesound вернецца ў Беларусь толькі 27 траўня. Задоўга да “Еўрабачання” хлопцы вырашылі, што паляцяць з Баку толькі пасля фіналу. Нават адмовіліся ад ранішняга рэйса “Белавіі”, на які маглі б не паспець у выніку перамогі. З-за гэтага давядзецца ляцець з перасадкай праз Маскву.
Фота: ctv.by