Любоў Кавалёва: У мяне дагэтуль адчуванне, што сын проста некуды з’ехаў

Два гады мінулі ад часу выбуху ў мінскім метро, у выніку якога загінулі 15 чалавек, пацярпелі яшчэ 315. Па абвінавачанні ў тэракце былі асуджаныя і расстраляныя 25-гадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Шматлікія праваабаронцы звяртаюць увагу на паспешлівасць працэсу, а таксама заяўляюць, што ён пакінуў шмат пытанняў. Сваякі Дзмітрыя Канавалава дагэтуль адмаўляюцца ад кантактаў з прэсай. Супрацьлегла сябе паводзіць маці Уладзіслава Кавалёва, якая актыўна сустракаецца з праваабаронцамі, удзельнічае ў канферэнцыях за мяжой.


Пакуль Уладзіслаў Кавалёў быў жывы, маці атрымала ад яго каля 40 лістоў, яшчэ з дзясятак паштовак. Некаторыя з іх Еўрарадыё публікавала. Яшчэ Любоў Кавалёва атрымала каля 30 лістоў ад розных людзей. Сябры Уладзіслава цяпер заходзяць у госці, цікавяцца, як справы. Што давялося за гэты час перажыць жанчыне з Віцебска, сына якой нечакана абвінавацілі ў тэрарызме, прыехала пацікавіцца Еўрарадыё.


Еўрарадыё: Як вы жылі да тэракту?


Любоў Кавалёва: Жыла сям'я... раслі дзеці. Нічога кепскага за імі не было. Вучыліся, працавалі. І раптам...


Еўрарадыё: А спачатку вы на што спадзяваліся?


Любоў Кавалёва: Я спадзявалася, што ўсё ж у нас прававая дзяржава і ўсё вырашыцца.


Еўрарадыё: Калі вам стала зразумела, што нічога добрага не будзе?


Любоў Кавалёва: Калі Лукашэнка падчас суду пачаў раздаваць узнагароды. Тады я зразумела.


Еўрарадыё: Як змянілася ваша жыццё цяпер?


Любоў Кавалёва: Цяпер я сваё жыццё прысвяціла таму, каб дамагчыся праўды. Я не ведаю, наколькі гэта магчыма. Я буду рабіць усё, што змагу. Разумею, што гэта не ўсім падабаецца.


Еўрарадыё: Вы трымаеце актыўную пазіцыю. Вам калі-небудзь пагражалі?


Любоў Кавалёва: Гэта было на самым пачатку. Першы адвакат са мной не размаўляла, не давала ніякай інфармацыі. Я не ведала, што адбываецца і што рабіць. Лісты ад сына не прыходзілі. Праз інтэрнэт пачала шукаць новага адваката. Тады мне патэлефанавала адвакат і дала нумар следчага. Я адразу яму набрала. Ён сам больш казаў, апярэджваў мае пытанні. Тады ён сказаў: “Жывіце спакойна, у вас сям'я, у вас дачка”. Ён казаў, нібыта, мякка, але зразумела, што сядзець і нечага чакаць нельга.


Еўрарадыё: Чаму, як вы думаеце, вам не пагражалі?


Любоў Кавалёва: Я б адразу ўсё гэта выкладвала. Пра гэта б ведалі ўсе. Магчыма, з гэтага пункту гледжання яны не ціснулі на мяне.


Еўрарадыё: Ці адчуваеце, што сына ўжо няма?


Любоў Кавалёва: Такое адчуванне, што ён проста некуды з'ехаў. Сны, праўда, сніліся мне, што яго ўжо няма.


Еўрарадыё: Як ставяцца да вас калегі, знаёмыя?


Любоў Кавалёва: Цяпер людзі стараюцца не закранаць гэту тэму. Калі ўсе даведаліся, я нянавісці і агрэсіі адносна да сябе не бачыла. Я ж пастаянна была ў Мінску. Калегі стараліся падтрымаць, падмянялі мяне на працы.


Еўрарадыё: Вас пазнавалі на вуліцах?


Любоў Кавалёва: Калі была ў Мінску ці выязджала ў цэнтр Віцебска, то часта.


Еўрарадыё: І як людзі рэагавалі?


Любоў Кавалёва: Нехта проста вітаўся. Нехта падыходзіў і казаў нейкія словы.


Еўрарадыё: Ці шмат людзей да вас прыходзіла?


Любоў Кавалёва: Калі даведаліся, што расстраляны, сабралася шмат людзей, сюды прыходзілі. Тады стаялі яшчэ людзі, якія нікога не падпускалі да дому, таму што да пад'езда неслі кветкі.


Еўрарадыё: Як думаеце, ваша актыўная дзейнасць не магла паўплываць на прысуд?


Любоў Кавалёва: На рашэнне Лукашэнкі — магчыма. Гэтага выключаць нельга. Тое, што я з'ездзіла ў Страсбург. Нельга выключаць і тое, што гэта помста Уладу, калі ён адмовіўся ад сведчанняў.


Еўрарадыё: Не шкадуеце, што звязаліся з праваабаронцамі?


Любоў Кавалёва: Я ў Еўропу паехала сама. І тут праваабаронцы абсалютна ні пры чым. Ніхто з іх не ведаў, што я еду.


Еўрарадыё: Вас абвінавачвалі ў тым, што вы з апазіцыяй звязаліся?


Любоў Кавалёва: Я ні з кім з іх не сустракалася. Бачыла на фота толькі, калі чытала артыкулы. А так я кантактавала са звычайнымі людзьмі.


Еўрарадыё: На апошняй прэс-канферэнцыі вы былі разам з праваабаронцамі. Як з імі пазнаёміліся?


Любоў Кавалёва: Людміла Гразнова была штодзень на судзе. Яна адсочвала працэс і падтрымлівае мяне. З Раманам Кісляком мы пазнаёміліся праз інтэрнэт. Ён дапамагаў падаваць скаргу у Камітэт ААН па правах чалавека.


Еўрарадыё: А з Паўлам Левінавым калі пазнаёміліся?


Любоў Кавалёва: Яшчэ на самым пачатку я звярталася да пракурора Шведа, каб мне дазволілі спатканні. Потым пісала, каб дазволілі быць прадстаўніком сына. Паўсюль ішлі адмовы. Калі я была ў сястры, пабачыла газету “Віцебскі кур'ер”. Там была старонка “Каментар юрыста”. Я пабачыла, што Павел Ісакавіч — наш віцебскі, і звярнулася да яго. Ён мне дапамагаў пісьменна складаць заявы. Так і пазнаёміліся. Але ж у першую чаргу я звярталася да нашых дзяржаўных органаў. У Адміністрацыю прэзідэнта, Генпракуратуру, КДБ, на пачатку я грукалася да іх у дзверы. Да прэзідэнта тройчы звярталася.


Еўрарадыё: Які быў адказ?


Любоў Кавалёва: Які там адказ... Адказваў не ён, а яго служачыя. Тры разы я звярталася, каб мяне прынялі.


Еўрарадыё: Вы і праўда спадзяваліся, што вам адкажуць?


Любоў Кавалёва: Я ж бачыла каментары па тэлебачанні. Чытала “СБ”. Я рэальна разумела... Але... Ведаеце, як мы заўсёды: а раптам? Лепш зрабіць і пашкадаваць аб тым, што зрабіла, чым не рабіць і потым шкадаваць, што мог нешта зрабіць і не зрабіў.


Еўрарадыё: Да вас прыязджала шмат журналістаў. Вы нават давалі інтэрв'ю дзяржаўнаму каналу. А былі выпадкі, калі адмаўляліся размаўляць?


Любоў Кавалёва: Быў на самым пачатку расійскі тэлеканал. Яны націснулі званок і трымалі кнопку, пакуль я не выйшла. І малады чалавек ужо стаяў на прыступку ніжэй, трымаў камеру і здымаў. Ну, вы ж прыйдзіце, як людзі... Потым яны бегалі з камерай па двары за людзьмі. Многія іх проста пасылалі падалей.


Еўрарадыё: Вы сустракаліся з маці Канавалава? Яна ж была пад аховай.


Любоў Кавалёва: Я падышла, сказала маладому чалавеку: вы будзеце стаяць побач ці адыдзеце і дасце нам пагаварыць? Ён адышоў. А так пастаянна побач быў. Я казала, што не трэба маўчаць. Яна сказала, што параіцца з мужам, і ў выніку маўчала.


Еўрарадыё: А чаму, як вы думаеце?


Любоў Кавалёва: Вы ж зразумейце. Там арыштавалі адразу і бацьку, і старэйшага брата. Уявіце стан маці. Яна злягла ў бальніцу, і там ужо да яе прыставілі гэтых таптунчыкаў. Потым, калі выпусцілі мужа і старэйшага сына, яна закрылася.


Еўрарадыё: А чаму, думаеце, на вас не ціснулі?


Любоў Кавалёва: Не ведаю, чаму. Можа, таму што ў мяне дачка?


Еўрарадыё: На форумах адносна вас пішуць шмат негатыўнага. Як вы да гэтага ставіцеся?


Любоў Кавалёва: Мы ж не ведаем, хто гэта піша. Можа, спецыяльныя людзі. Я думаю, час нас рассудзіць. І з часам ім будзе сорамна, што яны пісалі. Некаторыя ж так і падпісваліся: "ананімы ў пагонах". Фільм "Метро" таксама ананімка. Мы не ведаем, хто яго ствараў. Калі я звярнулася да Давыдзькі, мне адказалі: звяртайцеся з гэтым пытаннем у Адміністрацыю прэзідэнта. Тады стала зразумела, на якім узроўні гэта рабілася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі