Магілёвец Аляксей Паўлоўскі бароніць гістарычную спадчыну
Намаганнямі актывіста было сабрана болей за 300 подпісаў у падтрымку рэканструкцыі дамоў, якія з’яўляюцца гісторыка-архітэктурнымі каштоўнасцямі.
Подпісы накіраваныя мясцовым уладам. Гутарка ідзе пра будынак XVIII cтагоддзя па вул. Ленінская, 27 і дарэвалюцыйныя будынкі ХХ стагоддзя па вул. Лазарэнкі 13 і 15.
Першы дом быў выкуплены магілёўскімі католікамі яшчэ ў 2003 годзе, аднак рамонтныя працы не выкананыя дагэтуль. Другі і трэці будынкі ўжо некалькі гадоў стаяць занядбанымі і паступова разбураюцца, расказвае Аляксей Паўлоўскі:
“Я неабыякавы да таго, што ўлады нашага горада кепска ставяцца да гістарычных помнікаў і аблічча нашага горада. Таму я, як і будаўнік, ведаю, што не так шмат трэба сродкаў на тое, каб прывесці наш горад у парадак, каб ён сваёй гістарычнай сутнасцю служыў як яго гараджанам, так і гасцям горада. Для гэтага я ініцыяваў зварот да чыноўнікаў, каб яны пачалі адпрацоўваць свае грошы, якія яны атрымліваюць за сваю бяздзейнасць”.
Грамадскі актывіст кажа, што прывесці ў парадак гістарычную спадчыну неабходна яшчэ і таму, што да горада цяпер вялікая ўвага, працягвае Аляксей Паўлоўскі:
“Трэба не забываць, што Магілёў прызначаны культурнай сталіцай СНД і Беларусі. Нам не павінна быць сорамна за выгляд нашага горада і гарадскіх помнікаў гісторыі”.
Пасля таго, як подпісы з патрабаваннем паскорыць рэстаўрацыю будынка па вул. Ленінскай, 27, знайшлі свайго адрасата пайшла рэакцыя — чыноўнікі далі прадпісанне католікам скласці графік вядзення будаўнічых прац і вызначыцца з падрадчыкамі, а таксама накіравалі ліст Мітрапаліту Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкай царквы Тадэвушу Кандрусевічу аб пералічэнні сродкаў для вядзення рамонтных работ.
У апошнім лісце з гарвыканкама, які атрымаў Аляксей Паўлоўскі, пазначана, што працы па рамонце даху і фасаду будынка па вуліцы Ленінская мусяць быць выкананыя ў 2013 годзе. Цалкам жа будынак мусіць быць адрамантаваны да 2015 года. Адказ актывіст атрымаў і з каталіцкай дыяцэзіі, у якім яго запэўнілі ў тым, што хутка возьмуцца за рамонтныя працы. Расказвае грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі:
“Католікі сказалі, што ім быў патрэбны нейкі штуршок, каб яны заварушыліся. Яны сказалі дзякуй, бо гэта ўсё ўжо даўно трэба было зрабіць, і што ўжо даўно можна было дабудаваць свой культурна-асветніцкі цэнтр, пад які выкупляўся будынак”.
З будынкамі па вуліцы Лазарэнкі сітуацыя пакуль не ясная. Адказаў чыноўнікаў Аляксей Паўлоўскі не атрымліваў, аднак не сумняваецца, што і ў гэтым выпадку вынік будзе станоўчы.
Фота: svaboda.org, formats.by, skyscrapercity.com
Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма.