Міліцыянт, які прапусціў бомбу ў метро, пад амністыю не патрапіў
Віталь Рагачэўскі быў асуджаны за нядбайнае выкананне сваіх абавязкаў.
Нагадаем, ён стаяў на ўваходзе на станцыю метро "Фрунзенская" 11 красавіка 2011 года. Побач з ім праходзіў Дзмітрый Канавалаў з сумкай, што можна ўбачыць на відэа з камер назірання, але міліцыянт нават не звярнуў на яго ўвагі. За гэта на міліцыянта пачалі асобную крымінальную справу. 1 лютага 2012 года яго асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі.
“Рагачэўскі Віталь Антонавіч быў прызнаны вінаватым у нядбайным выкананні службовай асобай сваіх абавязкаў з прычыны нядобрасумленных і неахайных адносінаў да службы, якія прывялі да цяжкіх наступстваў, ― цытуем адказ Вярхоўнага суда на запыт Еўрарадыё. ― І асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення”.
Сёлетняя амністыя былога правахоўніка Віталя Рагачэўскага не закранула.
Фота — nn.by