Мінскае "Дынама" паспрабуе рэабілітавацца за непраўдзівы гімн Латвіі
Канфуз адбыўся 9 снежня падчас хакейнага матча чэмпіянату КХЛ. Сёння мінчукі зноў прымаюць рыжскіх аднаклубнікаў.
Пачатак гульні 3 студзеня на "Мінск-Арэне" а 19-й гадзіне. На жаль, жывой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь-2" не будзе — у праграме пазначаны біятлон. Хакейны матч пакажуць у запісе, пачатак у 20.55.
З нагоды 90-х угодкаў таварыства "Дынама", мінчукі згуляюць у рэтра-форме ўзору пачатку 1980-х.
Нагадаем, амаль месяц таму перад паядынкам дынамаўцаў на "Мінск-Арэне" замест латвійскага гімна прагучала нешта няўцямнае. Кіраўніцтва мінскага "Дынама" папрасіла прабачэння ў рыжскіх аднаклубнікаў. У заяве гаворыцца, што збой адбыўся праз памылку ў праграмным забеспячэнні. Пры гэтым мінчукі ў якасці маральнай кампенсацыі заўзятарам рыжскага "Дынама" паабяцалі 100 запрашальных на сённяшнюю сустрэчу каманд.
Для каманды Аляксандра Андрыеўскага матч з рыжскім "Дынама" вельмі важны. У выпадку перамогі мінчукі могуць узняцца на 8-е месца ў Заходняй канферэнцыі, адсунуўшы з зоны плэй-оф "Данбас". Пакуль у дынамаўцаў 51 ачко пасля 38 гульняў, у данецкай каманды 52 ачкі пасля 40 матчаў.
Адзначым, што абаронца Еры Каралахці прапускае праз дыскваліфікацыю свой апошні матч. Ён выйдзе на лёд ужо 6 студзеня ў гасцявым паядынку дынамаўцаў з "Атлантам" з Мыцішчаў.
Фота — hcdinamo.by