Муляра не ўзялі на працу, бо ён не спадабаўся калектыву
Магілёўскі суд стварыў прэцэдэнт — цяпер у прыёме на працу можна адмаўляць і “праз нязгоду калектыву”.
27 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва разглядаўся пазоў актывіста незалежнага прафсаюза РЭП Аляксея Паўлоўскага супраць прадпрыемства “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат”.
Па накіраваннях цэнтра занятасці Паўлоўскі чатыры разы спрабаваў уладкавацца на працу ў гэтую арганізацыю, аднак двойчы яму было адмоўлена “праз нязгоду калектыву” і двойчы ён не адпавядаў заяўленым патрабаванням патэнцыйнага працадаўцы.
Прафсаюзны актывіст патрабаваў праз суд прызнаць факты дыскрымінацыі пры ўладкаванні на працу ў Магілёўскі домабудаўнічы камбінат, а таксама прыняць яго на працу і выплаціць 21 мільён рублёў за вымушаны прагул. Падчас суда Аляксей Паўлоўскі хадайнічаў, каб былі выкліканыя ўсе прадстаўнікі працоўнага калектыву, якія абмяркоўвалі яго кандыдатуру на так званым “сходзе”. Паўлоўскі хацеў, каб супрацоўнікі прадпрыемства агучылі прычыну адмовы, аднак суддзя Юлія Трапыніна рабіць гэта адмовілася. Расказвае Аляксей Паўлоўскі:
“Усе дзеянні і рашэнні, якія прыняла суддзя, незаконны і супярэчаць заканадаўству, бо не можа быць такая прычына адмовы ў працаўладкаванні — “праз нязгоду калектыву”. Можа быць толькі прафесійная адпаведнасць кваліфікацыі альбо не. У Працоўным кодэксе таксама такога паняцця — “праз нязгоду калектыву” — няма. Гэты дакумент не мае ніякай прававой сілы”.
Прафсаюзны актывіст адзначае, што Домабудаўнічаму камбінату кожны раз былі патрэбныя муляры 3-6 разрадаў, аднак як толькі ён прыходзіў да аддзелу кадраў, то заяўкі здымаліся.
Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў ў падрыхтоўцы іску ў суд Аляксею Паўлоўскаму, пракаментаваў сітуацыю вакол прафсаюзнага актывіста:
“Суддзя Трапыніна вынесла абсалютна незаконнае рашэнне. Яна адмовіла ў задавальненні ўсіх хадайніцтваў, якія маглі даказаць правату Паўлоўскага. То бок, яна адмовілася выклікаць сведак і прасіць наймальніка прадаставіць арыгіналы дакументаў, таксама незаконна адмовіла мне быць прадстаўніком Паўлоўскага. Рашэнне вынесенае з матывіровачнай часткай, таму, як толькі будзе гатовы пратакол судовага пасяджэння, знаёмімся з ім і падаем касацыйную скаргу. Суддзя вынесла рашэнне на падставе дакумента, які не мае юрыдычнай сілы. Будзем абскарджваць гэтае рашэнне”.
Муляр Аляксей Паўлоўскі з’яўляецца беспрацоўным з пачатку года. На мінулым месцы працы яму не працягнулі працоўны кантракт. Ён лічыць, што гэта было звязана з яго актыўнай грамадскай і прафсаюзнай дзейнасцю. Цягам году ён наведаў болей за 20 дзяржаўных арганізацый, аднак ніводная з іх не пажадала ўзяць яго працу.
Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма