На Беларускую выставу ў Варшаве прадалі больш за 15 тысяч квіткоў

На працягу амаль трох месяцаў наведвальнікі галерэі мелі магчымасць не толькі ўбачыць творы мастацтва, але і атрымаць веды пра Беларусь. Гэтаму спрыялі паказы фільмаў беларускіх рэжысёраў, дыскусіі, якія ўвесь час суправаджалі выставу. Як сведчыць прэс-сакратар галерэі Марта Місь-Міхальска, экспазіцыю наведала больш за 15 тысяч варшавякаў і гасцей польскай сталіцы.

У дзень фінісажа мастацтвазнаўца з Цэнтра сучаснага мастацтва ў Вільні Юлія Фаміна правяла тут апошнюю экскурсію.

Фаміна: На яе прыйшло каля дваццаці гледачоў, яны з цікавасцю слухалі тое, што я распавядала. Потым задавалі пытанні. Таксама многія звярталіся да нас, каб падобныя выставы ладзіліся як мага часцей.

Знаёмячы гледачоў з творамі маладых мастакоў з Беларусі, мастацтвазнаўца падкрэсліла, што на працы апошніх вельмі значна ўплывае палітычнае жыццё ў краіне.

Фаміна: Максім Тыменька, які на гэтай выставе прадстаўляў фільм “Хор мастакоў і мастацтвазнаўцаў”, сказаў мне, што падзеі 19 снежня мінулага года на яго паўплывалі такім чынам, што ён больш не можа быць проста мастаком, які назірае за рэчаіснасцю, што адчувае сябе адказным за тое, што будзе адбывацца. Іншая праца, прадстаўленая на выставе, серыя факсаў Аляксандра Камарова “No news from Belarus” стала ў пэўным сэнсе прароцкай, бо пасля яе стварэння, навіны з Беларусі пайшлі і пайшлі.

У дзень закрыцця выставы ў “Захэнце” дэманстраваліся фільмы “Памежжа” і “Візавая гісторыя: прастора Яны”, прысутныя дыскутавалі на тэму актуальнасці беларускага мастацтва ў еўрапейскім кантэксце. А пад музыку беларускіх гуртоў “Plum Bum”, “Malanka Orchestra” і “Port Mone” актыўна танцаваў адзін з арганізатараў выставы Бенджамін Коўп.

Коўп: Я задаволены тым, як прайшла выстава, але мяркую, што канчатковага эфекту мы яшчэ не дасягнулі. Поспехі і хібы гэтай выставы будуць бачныя ў будучым. Калі кантакты між людзьмі будуць паглыбляцца, а ўсё пазітыўнае атрымае працяг, тады я буду цалкам задаволены. Спадзяюся, што мастакі, якія прынялі ўдзел у гэтай выставе, будуць удзельнічаць і ў іншых праектах, не абавязкова падобных на гэты.

Якія гэта будуць праекты, Бенджамін Коўп не ўдакладніў, але падкрэсліў, што дзверы з Беларусі ў Еўропу не павінны зачыняцца.

Фота Алеся Яшчанкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі