На фестывалі праваабарончых фільмаў у Празе Беларусь абмінулі
Дасланыя заяўкі тычыліся вулічнага супраціву, але арганізатары палічылі гэту тэму трывіяльнай.
UPDСёлета міжнародны фестываль праваабарончых фільмаў “One World”
праходзіць 10-18 сакавіка ў Празе пад патранатам Вацлава Гавела.
Фестываль праводзіцца з 1999 года і вельмі папулярны ў свеце. Беларускія
рэжысёры ўжо даўно прабілі туды дарогу. Але сёлета ніводнага фільма пра
нашу краіну на фэст не патрапіла.
Адзін з арганізатараў фестывалю патлумачыў Еўрарадыё:
“Наконт Беларусі паступіла некалькі заявак, людзі сочаць за падзеямі ў
Беларусі, даследуюць. І нам патрэбныя адпаведныя, якасныя фільмы. Без
паўтораў таго, што ўжо мінула. Нічога асабістага, але вяртацца да ўжо
зробленага – гэта занадта проста. Арганізацыя “Людзі ў нястачы”, якая
суарганізуе фестываль, мае беларускую секцыю. Мы былі расчараваныя, што
не маем сёлета добрага праваабарончага фільма з Беларусі”.
Не былі прынятыя заяўкі на фільмы, дзе апісваецца беларускі супраціў –
арганізатары палічылі тэму шматкроць выкарыстанай і трывіяльна знятай.
Да таго дадаліся меркаванні, што не гэта вызначае жыццё ў сучаснай
Беларусі.
Аказваецца, беларускія рэжысёры дасылалі заяўкі на фільмы, якія былі
створаныя да 2009 года. А фестываль One World праводзіцца штогод.
Усяго арганізатары прагледзелі больш за 1600 стужак з усяго свету,
адабралі каля 100. Пераможцаў абвесцяць 18 сакавіка.
“Еўрарадыё” прагледзела некалькі конкурсных фільмаў і адзначыла:
сапраўды, трэнды сучаснага праваабарончага фільма змяніліся. Аўтараў,
гледачоў і крытыкаў цікавіць не столькі кантраверсійнасць і гучнасць
тэмы (хаця і гэта важна). Фокус фестывалю павернуты на асобнага чалавека
― пад гнётам абставінаў, ідэалогій, злачынных дзяржаў або стыхійных
бедстваў.
Нездарма суарганізатары сёлетняй імпрэзы – добра вядомая, сяброўская
беларусам арганізацыя “Чалавек у нястачы” (People In need, Člověk v
tísni).
Сярод фільмаў, якія нас уразілі – “10 станаў любові”, пра уйгурскую
дысідэнтку Рэбію Кадыр (Rebiya Kadeer). Сама яна ўратавалася ад
кітайскіх уладаў, а вось яе дзяцей знішчылі. “Сіроты бірманскага
цыклона” – пра 10-гадовага Е Пінта(Ye Pyint), які адзін гадуе 6-гадовую
сястру і 3-гадовага брата ў жабрацкай, спустошанай краіне. “Укамяневаныя
жанчыны” – пра іранцаў, якія шукаюць сваіх забітых камянямі маці, а іх
ужо пахавалі няведама дзе ў пранумараванай труне. “КімЧэнІрыя” – пра
штодзённае жыццё ў Паўночнай Карэі. “Тыбет спявае” – пра тое, што за
любоў да свае культуры ў Тыбеце можна страціць жыццё.
“Адзіны Свет” – адзін з вядучых кінафестываляў аб рэальным жыцці
чалавека. Ён уваходзіць у Сетку праваабарончага кіно, якая аб’ядноўвае
29 фэстаў па ўсім свеце.
Варта заўважыць: пра Іран здымаюць ірландцы, пра Кітай ― амерыканцы.
Чэхі выправіліся на памежжа Казахстана і Кітая, каб здымаць там фільм
пра канадцаў. Можа, і беларусам пара вылузнуцца са свайго кокана і
пачаць здымаць фільмы пра адзіны сусвет?
UPD: Сёлетнія пераможцы 12-га фестывалю дакументальных фільмаў One World абвешчаныя. Узнагароды пераможцам будуць уручаныя вечарам 19 сакавіка падчас урачыстай цырымоніі ў кінатэатры “Lucerna”.
Журы вызначыла найлепшы фільм і найлепшага рэжысэра. Найлепшым фільмам прызнаны “Вораг народу” (Enemies of the People). Міністр культуры Чэхіі ўручыў прыз рэжысёру фільма Робу Лемкіну (Rob Lemkin).
Прыз найлепшага рэжысёра атрымаў Павел Лазіньскі (Pawel Łoziński) з Польшчы за фільм “Чэма” (Chemo).
Фільм вядомага чэскага рэжысэра Рудольфа Врбы (Rudolf Vrba) “Сонца за аблокамі” (The Sun Behind the Clouds) перамог у намінацыі “Права ведаць”. Журы гэтай намінацыі складаюць не кінадзеячы, а харызматычныя, адважныя правабаронцы з усяго свету. “Сонца за аблокамі” адзначанае і спецыяльным прызом Вацлава Гавэла за “паказ унікальных магчымасцяў абароны правоў чалавека”.
Журы Рудольфа Врбы адзначыла спецыяльным прызом фільм “Тыбет спявае” (Tibet in Song).
Прыз Чэскага радыё за творчае выкарыстанне музыкі і гуку у дакументальным фільме атрымаў фільм Томаша Кудрны (Tomáš Kudrna) “Усё, што блішчыць” (All That Glitters).
Студэнцкае журы ўзнагародзіла Марыю Мээрман і яе фільм «Хачу быць босам» (I Wanna Be Boss).
Чэшская Вышэйшая школа эканомікі і менеджменту (VŠEM ) ушанавала сваім прызом фільм Томаша Шкрдланта (Tomáš Škrdlant) ”Непрыемнае” (The Unwelcome).
Сайт праекта: http://www.oneworld.cz/2010/