На вяскоўца за месяц склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы
Пераслед былога ветэрынара Валерыя Вусіка пачаўся пасля таго, як ён перадаў ў незалежныя СМІ факты пра карупцыю сярод кіраўніцтва СВК “Лебядзянка”.
Жыхар вёскі Лебядзянка Бялыніцкага раёна Валеры Вусік кажа, што спачатку ён пісаў лісты ў разнастайныя дзяржаўныя органы і мясцовыя СМІ, дзе расказваў пра шматлікія факты карупцыі, аднак вынік ад ягонай пісаніны быў нулявы.
Вясковец распавядае, што ў сельскім гаспадарчым кааператыве ён адпрацаваў галоўным ветэрынарным лекарам 36 гадоў і ведае рэальнае становішча спраў у гаспадарцы.
Як толькі Валеры Вусік знайшоў выхад на незалежныя СМІ і выкладзеныя ім факты карупцыі набылі шырокі рэзананс, на яго пачаўся ціск з боку міліцыі і кіраўніцтва “Лебядзянкі”, распавядае Валеры Вусік:
“Мяне пачалі пераследваць. Я апынуўся пад моцным прэсінгам. Цягам месяца на мяне склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы аб правапарушэннях, што я, нібыта, распаўсюджваў незалежную прэсу і раблю паклёпы”.
Вясковец кажа, што яму ўжо давялося пабываць у раённым судзе. На яго падаў заяву пляменнік старшыні калгасу “Лебядзянка”. Ён абвінаваціў Вусіка ў тым, што той яго абражаў і пагражаў фізічнымі пабоямі, а таксама лаяўся ў яго бок.
У судзе на бок Валерыя Вусіка сталі незалежныя журналісты тэлеканала “Белсат”, якія рабілі разам з вяскоўцам рэпартаж і былі сведкамі таго, як адбываўся канфлікт. Суд па гэтай справе працягваецца дагэтуль, расказвае вясковец:
“Куды я толькі ні пісаў свае лісты. Двойчы звяртаўся ў Адміністрацыю прэзідэнта. Дык, замест таго каб пачаць расследаванне, яны пачалі мяне пераследваць. Фактычна для мяне надышоў 37-ы год мінулага стагоддзя”.
Валеры Вусік у сваіх лістах расказваў аб шматлікіх фактах безгаспадарчасці дырэктара “Лебядзянка” Пятра Бялова, крадзяжах, адкатах, спісанні паліва і бульбы, падзяжы цялят, а таксама пра тое, што родныя дырэктара зарабляюць значна больш у параўнанні з астатнімі работнікамі.
Журналісты падчас свайго візіту ў Лебядзянку запыталі ў даглядчыкаў цялят, ці праўда тое, што напісана ў незалежнай газеце “Магілёўскі выбар”. Працягвае Валеры Вусік:
“Яны сказалі, што ўсё напісанае праўда і што заробак у іх па адным мільёне рублёў у кожнага. Па званку старшыні СВК адразу прыбег начальнік мясцовай міліцыі, і на даглядчыкаў цялят склалі два адміністрацыйныя пратаколы за тое, што яны сказалі, што ў іх заробкі па мільёне”.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што сітуацыя з Вусікам сведчыць пра тое, што мясцовыя міліцыянты служаць не закону, а мясцовым чыноўнікам, у тым ліку старшыні кааператыву “Лебядзянка”, каментуе праваабаронца:
“Наколькі мне вядома, па першых двух пратаколах суд адправіў іх назад. На скаргі Вусіка пракуратура адказала, што кіраўніцтва СВК ужо прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта сведчыць пра тое, што яго скаргі і артыкулы ў прэсе дакладныя. Па трэцім пратаколе ідзе судовае разбіральніцтва. Ёсць сведкі, у тым ліку відэазапіс, таму спадзяюся, што суд мы выйграем. У гэтай справе ўсё выссана з пальца. Тое, што Вусік дае сваю інфармацыю, — гэта яго права”.
Тым часам Валеры Вусік даведаўся пра тое, што на яго заводзіцца ўжо пяты адміністрацыйны пратакол і канца гэтаму супрацьстаянню пакуль не відаць.
Спецыяльна для праграмы "Кардыяграма"