Пад Оршай калгас разбурае помнік архітэктуры XVIII стагоддзя (фота)
Дамініканскі кляштар у вёсцы Смаляны, які захаваўся на 20%, вырашылі разабраць на цэглу.
На абарону помніка паўсталі актывісты Віцебскай абласной арганізацыі БНФ, распавядае яе лідар Леанід Аўтухоў:
“Партыя БНФ — гэта палітычная структура, яна не павінна гэтым займацца, але даводзіцца, бо больш няма каму, грамадскія арганізацыі знішчаныя, сядзяць у падполлі, не могуць дзейнічаць, запалоханыя, таму даводзіцца і палітычнай партыі займацца такімі справамі, як ахова помнікаў. Трэба паказваць гэтай уладзе, што яны робяць, яны толькі дзеляць, дзеляць і дзеляць, але трэба захоўваць і памнажаць”.
Сябры віцебскай абласной арганізацыі БНФ звярнуліся да раённых і абласных чыноўнікаў, у пракуратуру. У сваёй скарзе на імя кіраўніка Віцебскай вобласці Аляксандра Косінца актывісты БНФ патрабуюць неадкладных захадаў па захаванні помніка а таксама правесці раскопкі, падключыць да гэтай справы навукоўцаў. Гэты помнік, упэўненыя палітыкі, можа прыцягваць турыстаў. Акрамя руінаў кляштара ў Смалянах ёсць дамініканскі касцёл, рэшткі палаца “Белы Ковель”, магіла вядомага паэта-рамантыка Тамаша Зана. Але, на жаль, адбываецца не аднаўленне помнікаў, а іх разбурэнне, працягвае Леанід Аўтухоў:
“Кожны каменьчык такога кшталту на вагу золата, сёння, напрыклад, нікому не цікава ні на Захадзе, ні на Усходзе, што там будуюцца гэтыя спецпрытулкі, як іх называюць у народзе аграгарадкі, ці там якія шкляныя кубы, ромбы, нікому гэта не цікава. Усім цікавая мінуўшчына. А ў нас яна, на жаль, руйнуецца».
Праблема яшчэ ў тым, што кляштар дамініканцаў, у адрозненне ад касцёла, не мае статуса помніка. Калі актывісты не даб’юцца надання кляштару статуса культурна-гістарычнай каштоўнасці, то будынак разбяруць. Цяпер, калі мясцовы калгас палову кляштара зруйнаваў, наданне статуса практычна немагчымае, бо ён быў перабудаваны ў 30-я гг. XX ст. Калі б кляштар быў некрануты, шанцы былі, як у часткі ансамбля з касцёлам. А цяпер кляштар ператварыўся ў руіну, якая збольшага страціла свае архітэктурна-мастацкія якасці.
Фота: euroradio.fm
Рубрыка "Самаабарона" спецыяльна для праграмы "Кардыяграма"