Рэжысёр з Варшавы марыць зняць Беларусь з паветранага шара
Да прагляду яго фільмаў некаторыя гледачы ведалі толькі, што ў Беларусі ёсць Лукашэнка і што там вельмі цяжкае жыццё.
Яго бацька паходзіў з Віленшчыны, а ўлюбёны пісьменнік і публіцыст Ежы Гедройц нарадзіўся ў Мінску. Гэтага хапіла, каб польскі рэжысёр Кшыштаф Коўнас пачаў здымаць дакументальныя фільмы пра Беларусь. Паказ трох стужак кінематаграфіста “Забыты край”, “Беларусь у Варшаве” і “Без межаў” адбыўся 28 ліпеня ў варшаўскім клубе “Zwiąż mnie”.
Дарэчы, у польскай сталіцы знайшлося нямала ахвотных паглядзець фільмы Коўнаса на беларускую тэматыку. Амаль усе прысутныя казалі, што прыйшлі сюды яны дзеля таго, каб больш даведацца пра Беларусь.
Жанчына: “Я кірую дзіцячым фондам, і мне хацелася б зрабіць які-небудзь цікавы праект і для дзяцей з Беларусі. Паколькі амаль нічога не ведаю пра гэтую краіну, хацела б пры дапамозе гэтых фільмаў даведацца болей”.
Студэнтка: “У Польшчы вельмі мала паказваюць фільмаў пра Беларусь, кіно беларускай вытворчасці тут увогуле няма. І мы прыйшлі, каб абагаціцца нейкай інфармацыяй пра гэтую краіну”.
Мужчына: “У нас з жонкай ёсць некалькі знаёмых беларусаў. Яны шмат нам распавядалі пра сваю краіну, і пэўнае ўражанне пра Беларусь у нас ужо склалася. Аднак мы вырашылі прыйсці сюды і паглядзець фільмы пра нашага ўсходняга суседа, каб замацаваць альбо змяніць сваё меркаванне адносна Беларусі”.
Хлопец: “Пра Беларусь ведаю мала: толькі тое, што там ёсць Лукашэнка і што там вельмі цяжкае жыццё. Пра астатняе яшчэ маю дазнацца”.
Чаканні гледачоў спраўдзіліся, а цікавы і арыгінальны падыход рэжысёра стужак безумоўна спрыяў таму, каб у кожнага склалася ўласнае меркаванне адносна Беларусі і жыхароў яе гарадоў і вёсак.
Кшыштаф Коўнас: “Мэта маёй творчасці — паказаць палякам, Еўропе, хто такія беларусы, якія гэта рознакаляровыя, файныя людзі. Хачу проста паказваць іх жыццё. Для мяне, як для мастака, не так важна, ці на Беларусі кіруе Лукашэнка, ці нейкі іншы ўрад. Я кіруюся наступным правілам: не можна прыходзіць у чужы дом і на свой густ перасоўваць у ім мэблю, усталёўваць свае парадкі. Я не імкнуся нічога змяніць на Беларусі, а папросту хачу паказаць гэтую краіну і людзей, якія яе насяляюць”.
Сапраўды, чалавек у кампазіцыі Кшыштафа Коўнаса займае цэнтральнае месца. Рэжысёр здымае мастакоў, музыкаў, пчаляроў, сялянаў, народных лекараў. І гэтым людзям заўсёды ёсць што сказаць у аб’ектыў відэакамеры.
Кшыштаф Коўнас: “На Беларусі я сустрэў шмат цікавых людзей, я такіх жартам называю “шаленцамі”. Напрыклад, адзін эколаг з-пад Гомеля пабудаваў з пластыкавых бутэлек ферму, нарабіў з іх цэлыя статкі быдла, яшчэ адзін мой знаёмы беларус калекцыянуе ленінаў, а пад Брэстам, недалёка ад Брэсцкай крэпасці, жыве бабуля, якая мае могілкі ва ўласным агародзе. Калі ёй было 6 год, яе тата хаваў там забітых жаўнераў”.
Заканчваць беларускую тэматыку на трох стужках Кшыштаф Коўнас не плануе. У яго, як і ў кожнага творчага чалавека, ёсць свая мара: ён хацеў бы адправіцца ў падарожжа над Беларуссю ў паветраным шары і здымаць яе з вышыні птушынага палёту.
Кшыштаф Коўнас: “Мы будзем ляцець над Беларуссю ў паветраным шары, час ад часу апускацца на зямлю, здымаць, каб потым паказаць гэта тут”.
Рэжысёр упэўнены, што яго ідэя рэалізуецца. Такім чынам, магчыма, палякі і жыхары іншых краінаў Еўропы змогуць убачыць новы фільм пра Беларусь вачыма Кшыштафа Коўнаса.