Сяргей Чалы: Рашэнне Нацбанка — хоць нейкі рух з грашовага параліча
Аднак пашырэнне на 4% калідора змяненняў курсу беларускага рубля да кошыка валют нічога радыкальна не мяняе, мяркуе эканаміст.
Нацбанк Беларусі вырашыў з 12 траўня пашырыць калідор змяненняў курсу беларускага рубля да кошыка валют з 8% да 12%. Гэтае рашэнне ў жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў эканаміст Сяргей Чалы.
Еўрарадыё: Ці пасля такога рашэння аб зменне валютнага карыдору, уздымецца курс долара?
Чалы: “Так, зменіцца на гэтыя 4% і не больш за тое. Тут рашэнне відавочна спозненае і частковае. Гэтыя 4% дадаткова, шчыра кажучы, яны надвор’я не зробяць, бо гаворка ідзе пра неабходнасць змянення курса на дзесяткі працэнтаў”.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што мы проста спрабуем атрымаць расійскі крэдыт, пашырыўшы калідор да 12%?
Чалы: “Думаю, што так. Гэта ні ў якім выпадку не вырашае нічога радыкальна ў фінансавай сітуацыі, ні на валютным рынку”.
Еўрарадыё: З'явілася інфармацыя, што рашэнне аб пашырэнні калідору, замест яго адмены, наадварот значна ўскладняе перамовы з Мінфінам Расіі...
Чалы: “Я дапускаю, што пазіцыя Расіі магла змяніцца за гэты час. Бо пакуль яны разабраліся канчаткова у сітуацыі і зразумелі, што тут сітуацыя горш, чым здавалася месяц таму, калі перамовы пачыналіся, і тут такімі паўмерамі не абыйсціся. У дадзеным выпадку атрымліваецца, што мы як заўжды спазняемся”.
Еўрарадыё: Няўжо паміж 8% і 12% такая вялікая розніца і яна неяк можа паўплываць на пазіцыю Расіі?
Чалы: “Проста ім было цяжка хоць на нешта рашыцца, псіхалагічна цяжка. Гэта хоць нейкі рух з грашовага параліча, у якім нашыя ўлады знаходзіліся. Можа за гэтым адбудзецца нешта яшчэ, можа яны ўбачаць, што гэта не так страшна і не так балюча, як здавалася спачатку”.
Еўрарадыё: Ці такім рашэннем Нацбанк прызнаў, што ён не ведае, што далей рабіць і фактычна не кантралюе сітуацыю?
Чалы: “Ён гэта яшчэ даўно прызнаў, калі ў прэс-рэлізе ў канцы сакавіка яны сказалі, што ўсё што трэба яны зрабілі і свае ліхарадкавыя дзеянні назвалі паслядоўнымі і правільнымі. Яны раней падпісаліся пад тым, што не ведаюць, што рабіць, хаця, разумеюць, проста ў рамках заданых ім палітычных умовах, атрымліваецца, што застаецца магчымасць толькі для тых рашэнняў, якія ніяк не вырашаюць пытанне”.
Фота — Еўрарадыё