Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яшчэ траіх кандыдатаў у дэпутаты

Апошнім перад перапынкам на абед ЦВК задавальняе скаргу Уладзіміра Малярчука з “Аб’яднанай грамадзянскай партыі”. Малярчук зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Вілейскай выбарчай акрузе №74. Памылкі ў яго дэкларацыі, на падставе якіх прэтэндэнту адмовіла ў рэгістрацыі акруговая камісія, Цэнтрвыбаркам палічыў неістотнымі.

***

Салоп Аляксандр Васілевіч, індывідуальны прадпрымальнік, Слуцкая выбарчая акруга №67. Выступае ў ЦВК сам. Кажа, што вельмі ўважліва здаваў подпісы ў акруговую камісію. Але яна заўважыла сярод пададзеных падпісных аркушаў ксеракопію замест арыгіналу. Несапраўднымі прызнаныя 14 подпісаў. Але Аляксандр Салоп настойвае, што здавалі толькі арыгіналы, і акруговая камісія праверыла гэта.

Прадстаўнік ЦВК: “Ёсць тры падпісныя аркушы — №64, №66 і №67. Аркуш №64 ― ксеракопія. Адзін яго бок зроблены з дапамогай аркуша №66, а другі ― з дапамогай аркуша №67. Агулам акруговая камісія прызнала несапраўднымі 34 подпісы падчас першай праверкі. Але ксеракопіі подпісаў нельга прызнаваць несапраўднымі подпісамі. Бо подпісамі ― сапраўднымі ці не ― прызнаюцца толькі арыгіналы. Гэты ліст трэба лічыць адсутным”.

Такім чынам, колькасць несапраўдных подпісаў, выяўленых падчас першай праверкі, стала меншай за 15%.

 
Сяргей Калякін заўважае, што кандыдату няма ніякага сэнсу здаваць ксеракопію подпісаў замест арыгіналу: “Што ён, такім чынам хацеў паставіць пад сумнеў сваю рэгістрацыю? Відавочна, што падобнымі маніпуляцыямі з падпіснымі лістамі можна штучна зняць з выбарчай кампаніі любога кандыдата”.

Слова бярэ сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік: “Са Слуцка нам паступіла некалькі тэлефанаванняў з пытаннем: “Каго вы вылучаеце ў дэпутаты?” Казалі ледзь не тое, што ў парламент ідзе злачынца! І хаця ЦВК вылучэннем кандыдатаў у дэпутаты не займаецца, я звярнуўся па даведку пра Аляксандра Салопа ў слуцкую міліцыю. І атрымаў адказ з пячаткай і подпісам супрацоўніка, які яго рыхтаваў”.

З адказа вынікае, што за плячыма Аляксандра Салопа некалькі судовых прысудаў. Але на цяперашні момант судзімасць з яго знятая, і ён мае права балатавацца ў дэпутаты. Сяргей Калякін звяртае ўвагу на тое, што Мікалай Лазавік не мае права весці агітацыю супраць Аляксандра Салопа. Сябры ЦВК у адказ на гэта кажуць, што не хацелі б, каб такі чалавек вырашаў іх лёс і лёс іх дзяцей у парламенце.

Віктар Карняенка: “А я, напрыклад, не хачу, каб нашай краінай кіраваў той прэзідэнт, які ён кіруе. Але хто даў нам зараз права ладзіць тут суд над Салопам?”

Ігар Лялькоў: “Давайце адкінем эмоцыі і падыйдзем да пытання фармальна. На маю думку, у ЦВК няма законных падставаў не задаволіць скаргу Аляксандра Салопа”.

Лідзія Ярмошына падсумоўвае вынікі разгляду. З аднаго боку — патрабаванні закона: ЦВК мусіць прымаць юрыдычна абгрунтаваныя рашэнні, а законных падставаў адмовіць Аляксандру Салопу па выніках праверкі актаў акруговай камісіі не знойдзена. “Але іншы бок справы — маральны”, — заўважае старшыня Цэнтрвыбаркама.

На галасаванне выносіцца прапанова Лазавіка пра тое, каб пакінуць рашэнне акруговай камісіі ў сіле. 9 чалавек галасуе “за”. “Супраць” ― толькі Лідзія Ярмошына.

Такім чынам, Цэнтравыбаркам адхіліў скаргу Аляксандра Салопа, хаця і прызнаў, што не мае для гэтага законных падставаў.

***

Васільеў Міхаіл Васільевіч (Барысаўская сельская выбарчая акруга №63) не ўказаў у дэкларацыі прычэп. Ён спасылаецца на беларускае заканадаўства і настойвае на тым, што прычэп і не трэба было дэклараваць.

“Дык вы ж усё адно збіраецеся здымацца 16 верасня”, — зазначае Лідзія Ярмошына, намякаючы на тое, што прэтэндэнт належыць да Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

“Хочацца найперш правесці агітацыю, паразмаўляць з выбаршчыкамі”, — адказвае Міхаіл Васільеў.

Цэнтравыбаркам лічыць, што незадэклараваны прычэп — дастаткова сур’ёзнае парушэнне, і падтрымлівае рашэнне акруговай камісіі ды адмаўляе Васільеву ў рэгістрацыі.

***

Эшбаеў Артур Якубаевіч, Лагойская выбарчая акруга №75 таксама зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Выступаючы ў ЦВК, ён сказаў, што папросту забыўся ўказаць у сваёй дэкларацыі 110 долараў, атрыманых у траўні 2011 года. Цэнтрвыбаркам пагадзіўся з тым, што гэтыя грошы ― не настолькі вялікія, каб меліся заканадаўчыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі.

Такім чынам, у Лагойскай выбарчай акрузе №75 замест трох кандыдатаў у дэпутаты будуць змагацца пяць: да беспрацоўнага сябра ЛДП Паўла Мірановіча, супрацоўніка завода “Усяж” Іллі Мурашкі і сістэмнага адміністратара з Партыі БНФ Змітра Шэвеля 29 жніўня дадаліся фізік Ягор Лебядок і слесар Артур Эшбаеў.

***

Каляка Валянціна Сяргееўна, Лагойская выбарчая акруга №75. Найперш нстаяла на адмене папярэджання, якое вынесла ёй акруговая камісія за тое, што подпісы быццам бы збіралі не сябры яе ініцыятыўнай групы. ЦВК пагадзіўся з яе аргументамі.

Таксама Валянціна Каляка патрабуе перагляду актаў акруговай камісіі. Несапраўднасць подпісаў выяўленая шляхам агляду падпісных аркушаў і тэлефоннага апытання і не пацверджаная дакументальна. Цэнтравыбаркам пагаджаецца, але 26 подпісаў усё ж прызнае несапраўднымі (не ўказаны раён, у якім пражываюць выбарцы). 26 несапраўдных подпісаў ― гэта менш за 15% ад подпісаў, якія правярала акруговая камісія, таму падставаў для другой праверкі ў акруговай камісіі не было.

Аднак прадстаўніца ЦВК звяртае ўвагу на тое, што прэтэндэнтка не падала ў акруговую камісію адзін з важных дакументаў ― заяву аб згодзе балатавацца. Усе астатнія дакументы ў парадку, але адсутнасць гэтай заявы з’яўляецца дастатковай падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

Валянціна Каляка кажа, што заява ў яе была, але яна папросту забылася яе падаць.

Віктар Карняенка прапануе Цэнтравыбаркаму не здымаць яе з выбарчай кампаніі, а даць напісаць заяву проста тут жа, у зале для пасяджэнняў ЦВК. Але Валянціна Каляка ўсё ж атрымліва ад Цэнтравыбаркаму адмову ў рэгістрацыі.

***

Лебядок Ягор Віктаравіч, Лагойская выбарчая акруга №75. Выступае сам. Настойвае на тым, што акты акруговай камісіі складзеныя не належным чынам. “Камісія дачапілася да таго, што мае падпісныя аркушы аформленыя не належным чынам. Сапраўды, на адным аркушы прастаўленая дата ― 10 кастрычніка 2012 года. Натуральна, гэта тэхнічная недарэчнасць. Але падарожжы ў будучыню беларускім заканадаўствам не забароненыя, гэта я вам магу пацвердзіць, як фізік”.

Старшыня выбарчай камісіі: “Падчас праверкі мы выявілі недакладныя адрасы, прозвішчы і пашпартныя звесткі. Таксама на шэрагу аркушаў дата і подпіс прастаўлены рознымі людзьмі. Шэраг артыкулаў аформленыя не належным чынам… Пра гэта складзеныя адпаведныя акты”.

Ягор Лебядок: “Акты акруговай камісіі складзеныя пасля тэлефоннага апытання тых, чые подпісы стаяць у мяне ў аркушах. Асабіста іх ніхто не апытваў — гэта выявілася, калі я іх наведаў я”.

Ігар Лялькоў: “Ці дакладна я разумею, што толькі 4 чалавекі пацвердзілі акруговай камісіі, што...”

Старшыня акруговай камісіі: “Людзей сапраўды апытвалі па тэлефоне. Тыя, хто пагаджаўся падпісацца, прыязджалі і падпісваліся. Астатнія падпісацца не пагадзіліся, але іх подпісы мы прызналі несапраўднымі па выніках тэлефоннага апытання”.

Ягор Лебядок: “Ды ў некаторых з іх нават тэлефонаў няма!”

Старшыня акруговай камісіі: “Ягор Віктаравіч, у вас вельмі шмат памылак у падпісных аркушах. Больш за 15%. Камісія, калі правярала іх, зрабіла вялізную працу”.

1073 подпісы сабраў прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты. 96 подпісаў прызнаныя несапраўднымі. 16 — праз тое, што аркушы завераныя неналежным чынам.

Сяргей Калякін: “Колькі подпісаў прызнаныя несапраўднымі ў выніку тэлефоннага апытання, што не пацверджана дакументальна, подпісамі выбаршчыкаў?”

Старшыня акруговай камісіі: “Не магу адказаць на гэтае пытанне”.

Сяргей Калякін: “Чаму і ў акце першай, і ў акце другой праверкі прысутнічае падпісны ліст №60?”

Старшыня акруговай камісіі: “Відаць, памылка”.

Выступае сябра ЦВК, якая правярала дакументы акруговай камісіі:

“З 47 подпісаў, прызнаных несапраўднымі падчас першай праверкі, 26 прызнаныя несапраўднымі без дастатковых на тое падставаў. Тое, што ўсе астатнія подпісы несапраўдныя, пацверджана. Але вернемся да першай праверкі. Падчас яе з 200 подпісаў несапраўднымі прызнаны толькі 21 подпіс, то бок крыху больш за 10%. Адпаведна, падставаў для другой праверкі не было”.

Цэнтравыбаркам аднагалосна галасуе за тое, каб зарэгістраваць Ягора Лебядка кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

***

Тамашэвіч Максім Іванавіч, Заслаўская выбарчая акруга №77. Выступае сам прэтэндэнт: “Акруговая камісія мае прэтэнзіі да маёмасці, недакладна ўказанай у дакументах для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Найперш, сцвярджаецца, што я завысіў свой прыбытак. Але я маю пацвярджэнне таго, што гэты прыбытак сапраўды атрымаў. А вось тое, што я валодаю зямельным участкам у 15 сотак, на якім стаіць мой дом, я сапраўды не ўказаў памылкова — гэта я прызнаю. Але ж я пазначыў, што ў маёй уласнасці знаходзіцца дом. І не падумаў, што зямлю, на якой ён стаіць, трэба згадаць асобна”.

ЦВК усё ж прызнае памылку істотнай і адмаўляе Тамашэвічу ў рэгістрацыі.

***

“Ды ў нас нават апазіцыя такога не рабіла!”

Сімончык Анатоль Анатолевіч, Жодзінская выбарчая акруга №64. Кажа пра тое, што акты пра несапраўдныя подпісы, якія складае акруговая камісія, не маюць законнай сілы: “Па-першае, яны падрыхтаваныя загадзя, машынапісным чынам. У мяне на руках ксеракопіі 15 падобных актаў. Па-другое, не ўказаныя рэквізіты выбаршчыкаў. Па-трэцяе, не ўказана, сябры якой акруговай камісіі склалі акты. Нарэшце, акты складзеныя без панятых. Такія акты не могуць мець ніякай юрыдычнай сілы”.

Старшыня акруговай камісіі: “Мы выявілі некалькі сфальсіфікаваных подпісаў. Пашпартныя звесткі для іх браліся з бібліятэкі і з іншых крыніцаў. Чалавек, які перапісваў іх, не ўлічыў, што людзі памянялі пашпарты. Подпісы ставілі не тыя людзі, якім яны належаць. Ёсць звесткі пра тое, што подпісы збіралі не чальцы ініцыятыўнай групы Анатоля Сімончыка. Таксама подпісы збіраліся ў працоўны час на прадпрыемстве: кіраўнік выпісала пашпартныя звесткі з кадравых дакументаў, пасля супрацоўнікі распісаліся. Пра гэта ёсць тлумачальная”.

Ігар Лялькоў: “Ці ёсць інструкцыя для акруговай камісіі па складанні актаў?”

Лідзія Ярмошына: “Не, такой інструкцыі няма. Ёсць дапаможнік для сябраў акруговых камісій. Але акты складаюцца так, як лічаць патрэбным сябры акруговых камісій, з улікам стандартных патрабаванняў”.

Сябра акруговай камісіі Аляксандр Валчанін: “У выпадку гэтага кандыдата мае месца звычайная падробка дакументаў. Я, як сябра акруговай камісіі, асабіста наведаў пенсіянерку Валянціну Пытляк і распытаў, ці ставіла яна подпіс за Сімончыка. Пра гэта мы разам з ёй склалі акт. Узяць у картатэцы бібліятэкі пашпартныя звесткі, запоўніць іх, адной рукой распісацца — ды ў нас нават апазіцыя такога не рабіла!”

Лідзія Ярмошына: “Факт таго, што прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты прадставіў несапраўдныя подпісы, відавочны”.

Сяргей Калякін: “Акруговая камісія мусіць прадставіць факты пра падробку подпісаў у адпаведныя органы для разбіральніцтва”.

ЦВК аднагалосна адмаўляе Анатолю Сімончыку ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

***

Круглікаў Іосіф Аляксандравіч. Жодзінская выбарчая акруга №64. Яго галоўныя вылучэнцы — ветэраны. У сваім выступе Круглікаў прызнае, што даты і подпісы на яго падпісных аркушах былі пастаўленыя рознымі людзьмі. Кажа, што гэта адбылося праз тое, што ў ветэранаў шмат праблемаў са здароўем, што ім часам складана паставіць дату і подпіс. Завастрае ўвагу на заслугах ветэранаў і іх праве вылучыць свайго кандыдата ў дэпутаты, каб было каму за іх парупіцца. Называе неабходнасць ставіць дату і подпіс адной рукой “казуістычным прынцыпам”.

“Нельга фарміраваць парламент па прынцыпе прысутнасці розных сацыяльных груп, нельга цягнуць коўдру на сябе, — адказвае Лідзія Ярмошына. — А бясплатныя ці танныя лекі для ветэранаў з’явяцца ў аптэках не тады, калі ў парламенце будуць прадстаўнікі ветэранаў, а тады, калі на гэтыя лекі будзе працаваць эканоміка”.

Дакладае прадстаўнік акруговай камісіі: “У рашэнні акруговай камісіі няма ніякай палітыкі. Мы кіруемся законам, а закон кажа, што мусім адмовіць у рэгістрацыі, калі 15% ад правераных подпісаў не сапраўдныя. У вас несапраўдныя 16,3%. Нам вельмі шкада, што так атрымалася”.

Сябры ЦВК з правам дарадчага голаса разглядаюць акты аб несапраўдных подпісах, складзеныя акруговай камісіяй і падпісаныя выбарцамі. Сяргей Калякін падкрэслівае, што тысяча чалавек па факце падтрымала Іосіфа Круглікава і кажа пра неабходнасць адмяніць артыкул пра неабходнасць ставіць дату і подпіс адной рукой. Але зараз ЦВК не можа зрабіць нічога, акрамя як адмовіць прэтэндэнту на кандыдата ў дэпутаты ў скарзе. Бо інакш давядзецца адмяніць усе ўчорашнія пастановы аб адмове ў рэгістрацыі.
 
“Такое адчуванне, што мы знаходзімся ў індыйскай меладраме”, ― падсумоўвае Лідзія Ярмошына.

ЦВК аднагалосна адмаўляе Іосіфу Круглікаву ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

***

ЦВК адмяніў пастановы, прынятыя 28 жніўня. Гэта адбылося пасля таго, як сябры ЦВК з правам дарадчага голаса даказалі, што скаргі былі адпраўленыя своечасова.

Па словах сябры ЦВК з правам дарадчага голаса Сяргея Калякіна, на пошце адбыўся тэхнічны збой, у выніку якога скаргі былі праштампаваныя не той датай:

Калякін: “Супрацоўніца 53-га паштовага аддзялення выпадкова паставіла на капэрты не той штамп — 27 жніўня замест 24-га. Гэта нагода для сябраў Цэнтрвыбаркама больш дбайна рупіцца пра праверку дакументаў”.

Скаргі Лепіна, Мірзаянавай і Казлоўскага будуць разглядацца 30 жніўня разам з іншымі скаргамі прэтэндэнтаў на кандыдацкія месцы па мінскіх выбарчых акругах.

***

ЦВК адмяніў пастановы, прынятыя 28 жніўня. Гэта адбылося пасля таго, як сябры ЦВК з правам дарадчага голаса даказалі, што скаргі былі адпраўленыя своечасова.

Па словах сябры ЦВК з правам дарадчага голаса Сяргея Калякіна, на пошце адбыўся тэхнічны збой, у выніку якога скаргі былі праштампаваныя не той датай:

Сяргей Калякін: “Супрацоўніца 53-га паштовага аддзялення выпадкова паставіла на капэрты не той штамп — 27 жніўня замест 24-га. Гэта нагода для сябраў Цэнтрвыбаркама больш дбайна рупіцца пра праверку дакументаў”.

Скаргі Лепіна, Мірзаянавай і Казлоўскага будуць разглядацца 30 жніўня разам з іншымі скаргамі прэтэндэнтаў на кандыдацкія месцы па мінскіх выбарчых акругах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі