У Літве адзначылі Дзень вулічнай музыкі (фота)

7 траўня ў Літве прайшоў дзень вулічнай музыкі. У 2007 годзе літоўскі музыкант і прадзюсер Андрус Мамантавас прапанаваў правесці незвычайны фестываль. І вось ужо пяты год запар першая субота траўня збірае тысячы людзей на літоўскіх вуліцах. Прафесійныя музыкі і звычайныя слухачы размаўляюць на самай унікальнай у свеце мове – мове музыкі. Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў Вільню, каб акунуцца ў атмасферу Дня вулічнай музыкі.

Знаёмыя адразу параілі запасціся парасонам, бо на Дне музыкі заўсёды дождж. Гэты год не стаў выключэннем. Бліжэй да абеду ранішняе пахмурнае надвор’е змянілася дажджом. Але арганізатары рыхтаваліся да прыродных капрызаў – на большасці пляцовак паставілі крытыя палаткі.

Дарэчы, саміх пляцовак было 17. Каб на іх граць, трэба было загадзя зарэгістравацца. Але акрамя “афіцыйных” кропак было безліч стыхійных сцэн з цэлымі аркестрамі, гуртамі і музыкамі-адзіночкамі.

Адзін такі малады гурт падзяліўся з Еўрарадыё сваімі ўражаннямі наконт Дня вулічнай музыкі.

“У нас ёсць гурт, мы граем тры гады разам з маім братам і іншымі хлопцамі. Мы граем сёння ўжо дзве гадзіны. Нам гэта падабаецца. Вельмі шмат людзей спыняюцца, слухаюць нашу музыку, але толькі некаторыя з іх пакідаюць грошы. Усе астатнія фатаграфуюць нас, танчаць і сыходзяць далей (музыкі смяюцца). Але сёння дзень музыкі, мэтай якога з’яўляюцца не грошы. Калі б мы гралі ў любы іншы дзень, мы б маглі зарабіць нашмат болей грошай”.

На вуліцы Вокічу музыкі гралі ледзь не на праезнай частцы. Але кіроўцы ставіліся з разуменнем і нават спыняліся, каб паслухаць.

Іспанцы Ансе спадабалася атмасфера фестывалю. Яна прыляцела ў Вільню разам з сябрамі з Барселоны.

Анса: “Фестываль выдатны! Вельмі шмат людзей, музыкаў. Гэта магчымасць і пайграць, і паслухаць музыку. Мне больш спадабалася гітарная музыка. Не лёгкая, не цяжкая, а акустычная гітара. У нас няма такога адмысловага дня музыкі, як у Літве. Але ў Барселоне вельмі шмат вулічных музыкаў, якія граюць кожны дзень”.


А вось грошай маладая іспанка пакідала музыкам няшмат.

“Некаторым пакінула, але не ўсім. Але тым, чыя музыка спадабалася вельмі, пакінула грошы. Асабліва тым, хто граў шмат сола. Максімум я пакідала літ. Але калі кожны дасць па літу, то ўжо будзе шмат”.

Анса сцвярджае, што ў Барселоне вулічныя музыкі не маюць праблем з паліцыяй. Як, уласна і ў Літве. Хлопец Томаш грае на скрыпцы. Ён кажа, што падчас яго выступленняў шмат разоў міма праходзілі паліцэйскія. Але так ні разу з ім і не загаварылі.

Да Дня музыкі таксама далучылася шмат кавярняў і бараў, якія выставілі апаратуру, запрасілі гітарыстаў і дыджэяў. Апошнія гралі фанк і транс, якія хутка сабралі сваю аўдыторыю.

А вось крышнаіты, што размясціліся па левы бок ад ратушы, прапанавалі свой транс з некалькіх слоў-мантраў. Акрамя выканання пазітыўных матываў крышнаіты частавалі ахвочых мядовым напоям і наносілі малюнкі на розныя часткі цела. Выстраілася чарга жадаючых.

Недалёка ад Кафедральнай плошчы карэспандэнт Еўрарадыё сустрэў ковенскую дзяўчыну Угнэ з беларускім нікнэймам Кветка. На вуліцы яна спявае хіты Kings of lion, Placebo, Stereophonics, Coldplay, Guns N’ Roses, Led Zeppelein, Pink Floiyd. Гэтым летам Угнэ паспрабуе выступіць на вуліцах Беларусі.

“Я выступаю на вуліцы кожны дзень. Гэта мая праца.

Гэта лепшая праца. Для мяне (смяецца). Як для іншых людзей, я не ведаю. Часам я магу зарабіць 12 еўра за песню. А часам за гадзіну ўдаецца назбіраць толькі 5 літаў. Летась я грала ў Лондане. Гэта было файна. Гэтым летам я збіраюся паехаць у Лондан, Германію, Польшу, Беларусь, Расію. Я люблю вандраваць”.

Фота: Крысціна Калбаснікава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі