У Мінску "Брэсцкую крэпасць" запусцяць падчас выбараў

Нашумелы фільм "Брэсцкая крэпасць" нарэшце пачалі паказваць у беларускіх кінатэатрах. Прэм'ера стужкі ўжо адбылася ў Віцебску, Барысаве, Гродне. Неўзабаве кіно пакажуць у Магілёве і Гомелі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення рэгістрацыі кінапрадукцыі Уладзімір Глускер. Паводле яго словаў, асноўны паказ пачнецца толькі з наступнага тыдня.
"У Магілёве заўтра паказваюць, 21 было ў Віцебску, 22 — у "Чырвонай зорцы" ў Гродне, у Гомельскай вобласці — 23 у Добрушы прэм'ера і 25 будзе асноўная прэм'ера ў Гомелі, у Брэсцкай вобласці ў Пінску, у Мінскай вобласці ў Барысаве была 21. Тут па-рознаму будзе, прэм'ера ідзе зараз, а асноўны паказ з большага будзе з наступнага тыдня".
У Мінску прэм'ера фільма адбудзецца толькі 16 снежня, кажа кіраўнік "Кінавідэапракату" Васіль Коктыш:
"Мы плануем 16 снежня пачаць пракат трыма копіямі у "Кастрычніку", "Маскве", "Беларусі", а далей — ва ўсіх іншых кінатэатрах".
Фільм пакажуць на 15 сталічных экранах, акрамя 3D: пракатчыкі мелі няўдалы досвед паказу фільмаў, пераведзеных са звычайнага фармату ў 3D — і вырашылі ад гэтага адмовіцца, кажа Коктыш.
Васіль Коктыш: "Мы будзем паказваць у 3D тыя фільмы, якія вырабляліся ў гэтым фармаце, а не перакладаліся".
Копіі фільмаў раздалі па кінатэатрах яшчэ ў пятніцу 19-га лістапада. Чаму ж паказ пачнецца толькі праз тыдзень, Еўрарадыё запытала ў намесніка начальніка ўпраўлення кінавідэамастацтва Мінкульта Аляксея Бязуглага.
"Гэта была своеасаблівая нечаканасць. Усе кінатэатры распісалі рэпертуарныя планы. І, зразумела, з контрагентамі, якія прадставілі фільмы, падпісаныя дамовы: што фільмы будуць пракатвацца ў канкрэтны час. І зламаць гэта не так лёгка. Я думаю, што да канца тыдня ці пачатку наступнага гэта ўсё будзе круціцца. Я ўчора быў на сустрэчы з пракатчыкамі, і яны сказалі, што ў некаторых гарадах прэм'ера ўжо прайшла".
У мінскім пракаце нашмат болей фільмаў, таму і ўклініць "Брэсцкую крэпасць" у план аказалася цяжэй: дамовы на пракат з праваўладальнікамі падпісваюцца на месяц наперад. Таму прэм'ера ў сталіцы прыпадзе акурат на выбарчы час: у дзень датэрміновага галасавання і за 3 дні да асноўнага дня выбараў.
У самім Брэсце фільм пакажуць 3 снежня. Раней пачатак планаваўся на 26 лістапада, але пракатчыкі пабаяліся, што копіі фільма зноў не паспеюць давезці і дату выхада фільма на экраны зноў давядзецца пераносіць. Таму вырашылі не рызыкаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі