Вадаём Брэста ператвараецца ў сметнік цяплічнага камбінату

121220_samaabarona.mp3

Больш за 60 жыхароў вёскі Вычулкі, якая ўваходзіць у межы горада Брэста, паскардзіліся на тое, што вада ў мясцовым вадаёме стала настолькі бруднай, што загінула не толькі рыба, але і вадаплаўныя птушкі, якія там жылі. Прычыну экалагічнай праблемы жыхары Брэста бачаць у тым, што каля вадаёма знаходзіцца абласная бальніца, анкалагічны дыспансэр і цяплічны камбінат. Дарэчы, мясцовы камбінат, які і ўлетку, і ўзімку вырошчвае агуркі і памідоры, зрабіў трубу для сцёкаў непасрэдна ў вадаём. Мясцовы праваабаронца Уладзімір Вялічкін, да якога звярнуліся па дапамогу жыхары Вычулак, расказаў пра зварот у Адміністрацыю прэзідэнта:

“ Была пракладзена зліўная труба ў вадаём ад цяплічнага камбіната “Бярэсце”, які па-варварску забруджвае вадаём. Пад уздзеяннем хімікатаў ў вадаёме перасталі вадзіцца ракі, пачала дохнуць рыба, перасталі гнездавацца вадаплаўныя і чаротныя птушкі, поўнасцю зніклі чайкі. Упрыгожваннем і гонарам вадаёма была сям’я лебедзяў, якая загінула. Любімае месца жыхароў раёна і горада ператвараецца ў сметнік анкалогіі і цяплічнага камбінату”.

На свой зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта берасцейцы атрымалі адказ ад намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Якава Бухавецкага. Мясцовыя чыноўнікі сцвярджаюць, што ўсе санітарныя нормы выкананыя:

“Хімічны склад вады адпавядае нарматывам як для водных аб’ектаў культурна-бытавога, так і для рыбагаспадарчага, прызначэння. Факты гібелі рыбы, ракаў і вадаплаўных птушак на вадаёме мікрараёна Вычулкі не зафіксаваныя”.

 Як падкрэсліў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, жыхары мікрараёна Вычулкі спецыяльна звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, бо ведалі, што мясцовыя ўлады іх праблему не вырашаць. Дарэчы, зварот пра пагаршэнне экалагічнай сітуацыі ў іх мікрараёне яны пісалі не першы раз, у 2002 годзе жыхары мікрараёна ўжо звярталіся ў Адміністрацыю Прэзідэнта з аналагічнай праблемай. Як тады, так і цяпер праблемы забруджанасці мясцовага вадаёма для чыноўнікаў не існуе.

Рубрыка Самаабарона спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі