Як купіць кватэру за… 200 долараў

121018_savi4_haty.mp3

Самыя танныя кватэры ў Мінску, паводле дадзеных агенцтва нерухомасці “Твая сталіца”, пачынаюцца ад 37 тысяч долараў.

“37 тысяч долараў кватэра ў Шабанах, указваюць толькі, што добрая транспартная развязка. Двухпакаёўкі каштуюць ад 40-45 тысяч долараў, а трохпакаёўкі ад 60. Але гэта ўсе хрушчоўкі, брэжнеўкі, 60-70 гады будоўлі”, — кажуць у агенцтве.

Шчыра кажучы, 37 тысяч долараў для Шабаноў — гэта многа, але ж сталіца. Не прыклад гэтаму кошты на жыллё ў правінцыі.

Шукаю па сайтах аб’яў. Адна з першых кватэр у Слаўгарадзе, што за 80 кіламетраў ад Магілёва. Двухпакаёўка ў цэнтры горада за 18 тысяч долараў. Пасля сталічных коштаў нават не верыцца, што такія кватэры ёсць.

“Суседзі таксама добрыя — не кусаюцца. Двухпавярховы дом, другі паверх, добры дах. Кватэра ў выдатным стане”, — рапартуе гаспадыня хаты.

Кажу, што для невялікага гарадка 18 тысяч, можа, і дарагавата — гаспадыня з ходу прапаноўвае знізіць кошт.

Вывучаю аб’явы далей. Жадаючых прадаць жыллё ў правінцыі не так і шмат. Большасць прадаўцоў імкнецца абмяняць жыллёвыя метры з даплатай на жыллё ў большых гарадах. Усе бягуць з правінцыі!

Сярэдні кошт аднапакаёвак у перыферыйных гарадах — ад 10-13 тысяч долараў, двухпакаёвак — ад 17 тысяч долараў. А ў так званых аграгарадках жыллё ўвогуле за капейкі, паводле сталічных мерак.

Да прыкладу, трохпакаёўка паблізу Ганцавічаў — у вёсцы Вялікія Кругавічы.

“Два падвалы, хлявок, цэнтральнае ацяпленне, вада гарачая ёсць, дах памянялі, новая сантэхніка”, — расказвае прадавец Наталля. Гаспадыня шчыра прызнаецца, што дом стары, панэльны, але ў цэнтры мястэчка — да школы і магазіна некалькі крокаў!

Хоча прадаць кватэру за сем тысяч долараў, але лёгка ідзе на торг:

“Мы хацелі сем, але зараз можна гандлявацца. Трэба з маці параіцца — гэта яе кватэра”.


Самая танная кватэра нечакана знаходзіцца ў вёсцы Ляхавіцкага раёна. Кошт — 200 долараў.

У сельсавеце вёскі Свяціца кажуць, што пустуючых кватэр шмат. Ніхто купляць не хоча.

“А вы што, хочаце кватэру ў нас купіць? Ёсць многа. Не ведаю, колькі каштуе, мо долараў 200 у сярэднім, але ж там нічога няма — ёсць толькі прыбіральня, ацяплення няма — людзі самі стаякі прабівалі”.


Набор сацыяльных аб’ектаў у вёсцы — як і паўсюль: крама, сельсавет, школа, Дом культуры. У школу нават пастаянна патрабуюцца настаўнікі — іх сюды накіроўваюць, а праз два гады яны збягаюць. Не вабіць нават кватэра за 200 долараў.

А вось на пытанне Еўрарадыё, ці памянялі б вы жыццё ў сталіцы на жыццё ў правінцыі, карэнныя мінчукі адказваюць, што зусім не супраць паехаць у правінцыю.

“Калі б на тое была патрэба, я б паехала. Пры ўмове, што там будзе дзе працаваць. Бруднае паветра, шум — гэта ўсе надакучвае”

“Я вельмі лаяльна адношуся да правінцыі. Паехала б туды, калі гэта было б мястэчка побач з буйным горадам, каб, калі што, можна было б мець медыцынскую дапамогу ці звярнуцца да ўлад. Канечне, не за сто кіламетраў ад цэнтру”.


Тыя, хто колькі гадоў таму, наадварот, прыехалі з правінцыі, кажуць, што назад — ні ў якім разе:

“Я з Белаазёрска, і назад не хацелася б. У сталіцы шмат магчымасцяў зарабляць грошы, развівацца, дзе адпачываць, а ў правінцыі такіх магчымасцяў няма. Тут цяжкавата, але для тых, хто не лянуецца, можна жыць”.


“Пад старасць паеду дадому, а зараз не — тут я маю магчымасць развівацца, зарабляць грошы, да таго ж звычка”, — дзеліцца мужчына з Мазыра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі