“За такую цану аддаваць газ? Эканоміка “Газпрома” будзе трашчаць па швах”

111122 Nasta Gaz.mp3

“Ніякага эканамічнага сэнсу ў гэтым няма", — кажа Еўрарадыё галоўны рэдактар сеткавага тыднёвіка The Russian Energy Міхаіл Круціхін. Згодна з яго словамі, калі такое і здарыцца, то прычыны на тое будуць выключна палітычныя.

Пра тое, што расійскі газ для Беларусі з наступнага года патаннее ўдвая, напісала ў аўторак газета “Ведомости”. Журналісты спасылаюцца на крыніцу ў “Газпроме”. Паводле інфармацыі расійскага СМІ, з 2012 года газ для Беларусі будзе каштаваць каля 150 долараў. Сярэдні кошт газа сёлета для Беларусі пакуль быў 250 долараў за тысячу кубаметраў.

У сваю чаргу, “Газпром” адмаўляецца даваць хоць якія-небудзь каментары.

Газпром: “Да падпісання дакументаў каментаваць гэтыя параметры мы не будзем”.

Расійскія ж эксперты, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё, упэўненыя, што такой цаны не будзе.


“Ніякай камерцыйнай выгады ні для “Газпрома”, ні для расійскага бюджэту ў гэтых прапановах няма. У такім выпадку “Газпром” можа згубіць да трох мільярдаў долараў неатрыманага прыбытку за пастаўлены газ. Навошта гэта патрэбна "Газпрому"? Камерцыйнаму аналізу гэта не паддаецца”, — кажа Міхаіл Круціхін.


Больш за тое, не патрэбная Расіі і тая частка трубаправоду, што засталася і якую мяркуецца прадаць за 2,5 мільярды долараў, упэўнены эксперт.


Міхаіл Круціхін: “Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць 2 магістральныя трубаправоды. Адзін з іх належыць “Газпрому” цалкам, а другі — на 50%. І плаціць за 50% аднаго трубаправода абсалютна няма сэнсу! Гэтая труба ўвогуле “Газпрому” непатрэбная — хапае тых трубаў, што ўжо ёсць”.


Прычыны падобных рашэнняў могуць быць толькі палітычныя, працягвае Міхаіл Круціхін. Адна з іх — запужаць Украіну. Другая — падтрымаць рэжым у Беларусі.


Міхаіл Круціхін: “Маўляў, бачыце, якія льготныя ўмовы мы прадастаўляем Беларусі. Чаму вы не хочаце далучацца да нашага Мытнага Саюза, каб у вас былі такія самыя ўмовы? Але я думаю, што гэта нацягнутае меркаванне. Калі і можна рабіць нейкія палітычныя высновы з гэтай прапановы, то, напэўна, гэта выглядае як матэрыяльная падтрымка рэжыму ў Беларусі”.


Унутрырасійская цана на газ сёння вагаецца ад 102 да 107 долараў за тысячу кубаметраў.


Для Беларусі газ у 2012 годзе будзе каштаваць больш за 300 долараў за тысячу кубаметраў, кажа Еўрарадыё прэзідэнт Саюза нафтагазапрамыслоўцаў Расіі Генадзь Шмаль:


“Сёння ў нас цана на газ у Расіі даволі высокая. У некаторых раёнах яна ўжо дзесьці пад 150 долараў. Так што наўрад ці такое будзе, улічваючы транспартны складнік. Цана, канешне, будзе вагацца, але не так моцна. І думаю, што ўсё ж такі цана 300-350 долараў з’яўляецца больш рэальнай, чым тая, пра якую кажуць СМІ”.


Нейкія саступкі і зніжэнне цаны будуць, кажа эксперт, але не такія!


Генадзь Шмаль: “У такім разе мы ўгробім нашую эканоміку. За такую цану аддаваць газ іншай краіне? У такім разе эканоміка “Газпрома” будзе трашчаць па ўсіх швах”.


Нагадаю, што міжурадавае пагадненне Расіі і Беларусі па пастаўцы газа павінна быць падпісанае ўжо ў гэтую пятніцу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі