Жыхар вёскі Нядашава-2 працягвае змагацца за доступ да вадасховішча

130404_niada6eva_2.mp3

1 красавіка адбылося пасяджэнне Магілёўскага абласнога суда, які, нечакана для большасці прысутных, адмяніў пастанову Ленінскага раённага суда Магілёва і адправіў справу на новы разгляд.

Cуддзя Cвятлана Стальмахова палічыла, што перадача зямлі агульнага карыстання, якая знаходзіцца на тэрыторыі вёскі Нядашава-2, фермеру закранае інтарэсы мясцовых жыхароў. Раней суддзя Ленінскага раёна Магілёва Галіна Тарасава разглядала цяжбу вяскоўца Яўстратава і фермера Коршунава, аднак на трэці дзень судовага пасяджэння вынесла кур'ёзнае рашэнне: справа непадсудная, бо ў пытанні перадачы зямлі агульнага карыстання фермеру няма інтарэсу мясцовых жыхароў.

У той жа самы дзень Дзмітрый Яўстратаў атрымаў пісьмовы адказ з Генеральнай пракуратуры, у якім было сказана, што пытанне перадачы зямлі фермеру, без правядзення Грамадскіх слуханняў, можа быць разгледжанае ў судзе.

Сам Дзмітрый Яўстратаў не хавае радасці ад невялікай перамогі, расказвае вясковец:

"Я задаволены рашэннем Магілёўскага абласнога суда, бо нарэшце, на маю думку, з'явіліся нейкі пробліск у пытаннях адпаведнасці заканадаўству, як у органах выканаўчай улады, так і ў судовай сістэме, бо наша патрабаванне цалкам зразумелае і простае — улічванне грамадскай думкі пры прыняцці рашэнняў”.


Вясковец адзначае, што калі б у жыхароў вёскі не было інтарэсу, то яны бы сядзелі моўчкі і не пісалі б у розныя дзяржаўныя інстанцыі шматлікія індывідуальныя і калектыўныя скаргі, а таксама не даводзілі бы справу да суда, працягвае Дзмітры Яўстратаў:

"У мяне не было ніякай перакананасці, што рашэнне абласнога суда будзе на нашу карысць. Я прыйшоў з жаданнем змагацца да канца, але быў перакананы, што судовае рашэнне будзе не на нашым баку. Цяпер у мяне з'явілася надзея на тое, што, можа быць, і ў нашай дзяржаве просты чалавек можа адстаяць свае законныя правы".


Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што гэта рэдкі выпадак, калі абласны суд адмяняе рашэнне суда першай інстанцыі:

"Я задаволены судом. На маю думку, усё было відавочным. Суд паступіў правільна ў межах існуючага заканадаўства — адправіў справу на разгляд у суд першай інстанцыі на стадыю ўзбуджэння справы. У дадзеным выпадку я лічу, што суддзя Тарасава з Ленінскага суда проста пабаялася разглядаць гэтую справу, бо там было шмат парушэнняў заканадаўства і неабходна было бы выносіць шмат прыватных вызначэнняў у адрас розных чыноўнікаў і ўстановаў і таму яна проста вырашыла сысці ад адказнасці".


Нагадаем, што ў 2011 годзе жыхары вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна даведаліся пра тое, што мясцовыя ўлады без уліку думкі грамадзян перадалі ў пажыццёвую арэнду мясцоваму фермеру-дэпутату Юрыю Коршунаву зямлю агульнага карыстання. Той разараў яе і засадзіў кукурузай, тым самым абмежаваў вяскоўцам свабодны доступ да вадаёма. Пракуратура прызнала факты парушэння заканадаўства. Было пакарана некалькі чыноўнікаў з райвыканкама і аблвыканкама, аднак зямля ўсё адно застаецца ў валоданні фермера.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі