Звольненыя работніцы магілёўскай крамы дамагліся кампенсацыі
Уладальнік крамы фірмовага адзення "BALEKS" у судзе быў вымушаны замірыцца са сваімі былымі работніцамі і выплаціць ім недаплачаныя за працу грошы.
Пасля звальнення з жанчынамі не быў зроблены канчатковы разлік, а адну з іх абвінавацілі ў грашовай недастачы.
Па дапамогу Святлана Кавалькова і Юлія Скарабагатава звярнуліся ў Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці. Бараніць свае працоўныя правы ім дапамог сябра незалежнага прафсаюза і вядомы магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Пасля зробленых разлікаў аказалася, што наймальнік мусіць даплаціць, з улікам затрымкі тэрмінаў выплаты зарплаты, Святлане Кавальковай суму ў памеры амаль 9,5 мільёна рублёў, а Юліі Скарабагатавай — амаль 10 мільёнаў рублёў.
Адразу пасля разлікаў жанчыны падалі пазовы ў суд Ленінскага раёна Магілёва з просьбай спагнаць з уласніка крамы фірмовага адзення "BALEKS" фірмы "ТПК БелЕвроТекс" усе недаплаты. Расказвае праваабаронца Барыс Бухель:
“Першапачаткова, да суда, канфліктуючыя бакі не здолелі замірыцца, аднак як толькі пачаўся суд і сталі паступаць дакументы, то суддзя адразу запатрабавала бухгалтарскую экспертызу, якая магла прадоўжыцца 2-3 месяцы і каштаваць ад 5 да 20 мільёнаў рублёў. Тут абодва бакі зразумелі, што ў любым выпадку могуць прайграць справу альбо не выйграць таго, што хочуць, і вырашылі заключыць міравое пагадненне”.
Барыс Бухель кажа, што былі відавочны парушэнні заканадаўства з боку наймальніка. І каб пазбегнуць далейшых разбіральніцтваў, дадатковых судовых выдаткаў, а таксама магчымасці атрымаць у свой адрас прыватнае вызначэнне суда, прадстаўнік наймальніка пасля кансультацый са сваім кіраўніцтвам па тэлефоне пагадзіўся на міравое пагадненне. Працягвае праваабаронца:
“Сем мільёнаў рублёў наймальнік пагадзіўся выплаціць Юліі Скарабагатавай і тры з паловай мільёны рублёў — Святлане Кавальковай”.
Праваабаронца адзначае, што ў Магілёве павялічылася колькасць выпадкаў, калі ўладальнікі прыватных арганізацый не выплачваюць сваім супрацоўнікам грошы пры звальненні. Не так даўно да Барыса Бухеля звярнуліся супрацоўнікі яшчэ адной фірмы, дзе наймальнік “кінуў” на грошы работнікаў, якія звольніліся. Замест іх ён ужо набраў новых, абяцаючы вялізарныя заробкі, аднак старыя работнікі прагназуюць, што і новыя супрацоўнікі сутыкнуцца з аналагічнай праблемай. Судовыя пасяджэнні з гэтай нагоды яшчэ працягваюцца, аднак ужо зараз відавочна, што суд будзе на баку пакрыўджаных супрацоўнікаў.
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма.