Зянон Пазьняк: Гэта была нашая “Бітва пад Воршай”
15 верасня ў Варшаве адбылася прэзентацыя кніжкі Зянона Пазьняка “Сесія незалежнасці”.
Кніга беларускага палітычнага эмігранта распавядае пра канец 80-х – пачатак 90-х гадоў, пра падзеі, якія перадумовілі набыццё Беларуссю самастойнасці. Сама сустрэча ў сталіцы Польшчы была прымеркаваная да дваццацігоддзя незалежнасці Беларусі.
На сустрэчу з палітыкам прыйшло нямала беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Большасць з іх – удзельнікі праграмы імя Кастуся Каліноўскага.
Студэнт: “Калісьці Пазняк быў вельмі легендарнай асобай, таму мне цікава паслухаць яго зараз. На пачатку дзевяностых ён выступаў, праводзіў мітынгі. Мне пра яго расказвалі, што ён быў вельмі харызматычным лідэрам. Тады я быў маленькім і не прысутнічаў на тых сустрэчах. Цяпер маю шанец папрысутнічаць, задаць пытанні”.
Студэнт: “Сустрэчы з Пазьняком праводзяцца штогод для кожнага новага набору праграмы Каліноўскага. Я пасля войска патрапіў у гэтую праграму. Сёння я тут, бо Зянон Станіслававіч – той чалавек, які на пачатку дзевяностых больш за ўсіх зрабіў для адраджэння беларускасці ў Беларусі”.
Зянон Станіслававіч прадаставіў свае новыя кнігі і адказаў на ўсе пытанні прысутных.
Пазьняк: “Год таму мы ўжо сустракаліся ў гэтай залі. За гэты час я паспеў выдаць чатыры кніжкі. Апошнюю з іх я прадстаўляю сёння. Гэтая кніга ўключае стэнаграму сесіі Всярхоўнага Савета. Збіраць яе прыйшлося па кавалачках, бо ў Беларусі яна фактычна знішчаная. А кніга ўтрымлівае ў сабе факталогію, якая расказвае, як здабывалася незалежнасць”.
У прадстаўленай Зянонам Станіслававічам кнізе “Дэпутаты незалежнасці” расказваецца пра тых парламентароў апазіцыі БНФ, якія ўсімі сіламі змагаліся за самастойнасць нашай Бацькаўшчыны.
Пазьняк: “Пройдзе час, і Беларусь будзе вольнай. І тады імёны гэтых людзей будзе ведаць кожны”.
Пазьняк не толькі прэнтаваў новыя кнігі, але і распавядаў прысутным пра падзеі дваццацігадовай даўніны, калі апазіцыйная меншасць перамагла камуністычную большасць у Вярхоўным Савеце.
Пазьняк: “Калі б мы тады зрабілі хоць адну памылку, мы б прайгралі. Гэта была нашая “Бітва пад Воршай”. З гісторыі Беларусі мы добра ведаем факты, калі чатырнаццаць тысяч літоўскіх коннікаў перамаглі трыццацітысячнае шведскае войска. Альбо памятаем тое, што адбылося пад Воршай”.
Сярод пытанняў, якія прысутныя задавалі Зянону Станіслававічу, было і традыцыйнае: калі ж Пазьняк вернецца ў Беларусь? На гэта палітык адказаў, што ягонае вяртанне ў сённяшняй сітуацыі немагчымае.
Фота Алеся Яшчанкі