Рэстаран Кіраўніцтва справамі прэзідэнта хацеў паставіць намёт на Дні Волі
Рэстаран Кіраўніцтва справамі прэзідэнта "Лідо" хацеў паставіць свой намёт на святкаванні Дня Волі каля опернага тэатра. Пра гэта распавялі арганізатары святкавання Антон Матолька, Эдуард Пальчыс, Павел Белавус у інтэрв'ю сайту tut.by.
Прадпрыемствы, якія хацелі гандляваць прадуктамі на фудкорце, пакідалі заяўкі на сайце арганізатараў. Некаторым з іх давялося адмовіць. У іх лік трапілі, напрыклад, "Камунарка" і "Лідо". Адмову арганізатары тлумачаць не ідэалагічнымі матывамі, а абсталяваннем рэстарана, якое не змясцілася б на невялікім фудкорце.
Дарэчы, наведнікі святкавання наракалі на невялікія памеры фудкорту: намётаў з ежай і кавай было няшмат, таму ў чэргах даводзілася стаяць па 30-40 хвілін.
Самі Матолька, Пальчыс і Белавус тлумачаць чэргі перабоямі з сувяззю: у выніку гэтага аплата праз карткі займала шмат часу. Адмоўна паўплывала і рашэнне гарадскіх уладаў не перакрываць вуліцу Янкі Купалы, дзе арганізатары хацелі зрабіць цэлую алею з ежай.