РФ і рэжым Лукашэнкі хочуць зрабіць з беларусаў "пагрозу" для Захаду — Латушка
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка маюць таемныя планы
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка пракаментаваў затрыманне ў Польшчы двух беларусаў па падазрэнні ў працы на расійскую разведку і здзяйсненні дыверсій.
"Расія і рэжым Лукашэнкі зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць з беларусаў "пагрозу" для Захаду, — піша Латушка. — Яны ўжо штучна змаглі раздуць інфармацыйную правакацыю/спецаперацыю пад назвай "літвінізм" у Літве. У Польшчы на нацыянальна-гістарычнай глебе стварыць сур'ёзнае напружанне не ўдалося б, таму яны адразу паднялі стаўку да тэрарызму. Нельга дазволіць ім дасягнуць поспеху і разгайдаць польскае грамадства".
Павел Латушка падкрэслівае, што "беларусы — не рэжым Лукашэнкі", а за любымі агрэсіўнымі дзеяннямі ў дачыненні да Польшчы і іншых суседніх краін "стаіць менавіта рэжым або яго крамлёўскія гаспадары". Латушка таксама дапускае, што за мяжой могуць дзейнічаць расіяне, якім рэжым Лукашэнкі "для легендзіравання... выдаваў беларускія пашпарты".
У Польшчы расследуюць некалькі дыверсій, у тым ліку падпалаў і спробаў падпалаў, якія звязваюць з расійскімі спецслужбамі. Мэта гэтых акцый — дэстабілізацыя сітуацыі ў краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.