РФ працягвае паглынанне БЧ, але баіцца, што Беларусь "раптам" паверне на Захад
У Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі кажуць, што адбываецца "павольнае, але ўпэўненае паглынанне Беларусі Расіяй"
Беларускай чыгунцы тэрмінова патрэбны мільярд долараў на мадэрнізацыю. Але ва ўмовах падзення аб'ёмаў перавозак гэтыя сумы непад'ёмныя для БЧ, упэўненыя ў Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі. І дадаюць, што адзінае месца, дзе можна ўзяць гэтыя грошы — Расія.
"Адбываецца павольнае, але ўпэўненае паглынанне Беларусі Расіяй праз транспартную галіну, — кажуць у Супольнасці. — А выйсця няма".
Мы ўжо расказвалі вам у папярэдніх публікацыях, як РЖД паглынае БЧ, і цяпер сітуацыя толькі пагаршаецца.
На што ў першую чаргу БЧ патрэбныя грошы?
Год таму БЧ і РЖД падпісалі пагадненне. У ім сярод іншага прадугледжваецца план мерапрыемстваў па мадэрнізацыі ўчасткаў інфраструктуры для "асваення перспектыўных аб'ёмаў грузаў, якія перавозяцца ў напрамку партоў Паўночна-Заходняга рэгіёну Расійскай Федэрацыі". Гэта значыць, Расія гатовая выдаткаваць грошы на мадэрнізацыю беларускай чыгуначнай інфраструктуры.
У Супольнасці чыгуначнікаў па просьбе Еўрарадыё назвалі некалькі праектаў, на рэалізацыю якіх, на іх думку, Беларусі асабліва патрэбныя грошы.
Першы — мадэрнізацыя цягавага рухомага саставу. Чыгуначнікі кажуць лаканічна: там усё кепска — ёсць экзэмпляры 60-х гадоў выпуску. У асноўным гаворка пра грузавыя саставы, але і пасажырскіх гэта таксама тычыцца. Напрыклад, электрацягнікі ЭР9, пасажырскія лакаматывы ЧС4, якія маюцца на балансе БЧ — вельмі старыя.
— Для некаторых машын ужо проста нельга працягнуць тэрмін службы, іх трэба проста спісваць, — кажуць чыгуначнікі.
Калі не абнавіць цягавы рухомы састаў БЧ, гэта пагражае як выхадам цягнікоў са строю — і такім чынам зніжэннем аб'ёмаў грузаперавозак, так і проста аварыйнымі сітуацыямі. Акрамя як у Расіі ўзяць цягавы рухомы састаў няма дзе. Нават Кітай адмовіўся працаваць з Беларуссю з акуратнай фармулёўкай — "да нармалізацыі сітуацыі". А работа з Расіяй — гэта фінансавая кабала, кажуць суразмоўцы Еўрарадыё. Па-першае, расійскія электравозы даражэйшыя. Па-другое, гэта пагаршае фінансавую залежнасць ад Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.