Rock Profі: адзначылі тых, хто заўсёды на слыху (фота)
Прафесійная музычная прэмія абвясціла пераможцаў. Сярод іх — BosaeSonca, The Toobes, "Петля Пристрастия", "Ляпісы" і "Крама".
24 красавіка мінскі клуб "Таранціна" трашчыць па швах: прэмія Rock Profi аб'яўляе пераможцаў па выніках мінулага года ў 6 намінацыях. Rock Profi — гэта прафесійная музычная прэмія, у якасці журы якой выступаюць самі музыкі. Сёлета іх было 46.
Першымі пераможцамі становяцца далёка не навічкі ў музыцы, але навічкі ў плане выпуску альбомаў гурт BosaeSonca — іх называюць "Дэбютам года". Дарэчы, пласцінка гурта "Адпусці" да таго ж здабывае статус "Лепшага запісу", які зрабіў гукарэжысёр Павел Сініла.
"За цяжкую працу — цяжкая ўзнагарода", — каментуе Павел вагу статуэткі "Пік прафесіяналізму".
Павел Сініла
"12 датчан"
Трэк "Say Hello To My Baby" трыа The Toobes называюць "Лепшай песняй". Другі год запар на прэміі духавы аркестрык "12 датчан" грае ўрыўкі твораў гуртоў-пераможцаў.
"Яны сыгралі нашу песню! Першы раз нехта сыграў нашу песню!" — радуюцца The Toobes. — "Вялікі дзякуй і нізкі паклон!"
Akute ўручаюць "Тубсам" статуэтку
Самі музыкі прызнаюцца, што галасавалі за Akute, і што ў іх новым альбоме будзе ўрывак знакамітай "Hit the Road Jack".
"Серебряная Свадьба" радуецца перамозе "Пятлі"
"Лепшым альбомам" музычнае журы прызнае "Фобос" "Петли Пристрастия". Мінулагоднія пераможцы ў гэтай катэгорыі, гурт "Серебряная Свадьба" уздымаюцца на сцэну, каб адкрыць запаветны канверт. Бенька папярэджвае, што калі яе меркаванне не супадзе з вынікам, то яна з'есць цыдулку з імем пераможцы. Аднак вынік спявачку цалкам задавальняе!
Музыкі "Петли Пристрастия" кажуць словы падзякі калегам
"На маю думку, узнагароды атрымалі менавіта тыя гурты, якія гэтага заслугоўваюць, — ужо пасля абвяшчэння вынікаў разважае гітарыст "Пятлі" Іван Селішчаў. — Фактычна, гэта самыя актыўныя каманды ў беларускай музычнай прасторы. Бо мне даслалі спіс усіх, хто ўдзельнічае ў прэміі, шчыра прызнаюся, што 90 адсоткаў з іх я ўвогуле не ведаў. Таму цалкам лагічна, што прызы атрымліваюць усе, хто заўсёды на слыху, хто нешта робіць, працуе і пастаянна развіваецца".
"Артыстам года", як і ў на прэміі Еўрарадыё "Даём рады", музычнае журы прызнае "Ляпіса Трубяцкога". Натуральна, што каманда, якая вось-вось завершыць свой доўгі і цярністы творчы шлях, не аднойчы за мінулы год сабрала больш за 500 чалавек на свой выступ — такі быў абавязковы крытэрый перамогі.
Лэслі Найф
"Мне было вельмі цікава пераслухаць усю гэтую музыку, — прызнаецца фронтмэн Gods Tower, Лэслі Найф падчас аб'яўлення "Артыста года". — Я вядомы антысацыял і касмічны пірат. Для мяне шмат што было навінкай. Я пачуў многія калектывы, і не зразумеў, якое дачыненне яны маюць да рока. Я прызвычаіўся, што рок — гэта, як мінімум, Морысан, максімум — Озі Осбарн. Мусіць быць бунт у любым выпадку, а там я бунта не пачуў".
Сам жа Лэслі пацвярджае чуткі, што галасуе за Паліну Рэспубліку. Маўляў, у нас мусіла з'явіцца свая Энія. І вось яна з'явілася.
"Крама"
Узнагароду "За ўнёсак", як было аб'яўлена раней, атрымлівае "Крама", якая сёлета да таго ж адсвяткуе сваё 20-годдзе. Варашкевіч успамінае першае крамаўскае "Басовішча", падчас якога музыкі пілі спірт "Раяль" і запівалі яго вадой з рэчкі.
"Слухайце, так час ляціць! Лічба 20! Тады мне было 33. А сёлета ўжо будзе 54. Айяяй! Але ж ёсць Мік Джагер! Піт Таўшэнд! Яны яшчэ старэйшыя, так што мы маладыя! Ну, і вялікі дзякуй! Узнагароды заўсёды прыемна атрымліваць", — рэзюмуе музыка, пасля чаго шчаслівая "Крама" грае вялікі святочны сэт для наведвальнікаў прэміі.
Мы ж знаходзім даўняга прыхільніка беларускай музыкі Арцёма, які кажа, што ўсё ў нашым року, як мае быць:
"Я назіраю за ўсім гэтым рухам з 98 года. Беларускі рок ідзе туды, куды мусіць прыйсці — то бок, у трансфармацыю новага беларускага рока. Ён не павінен ісці ў нагу з сусветным рокам, бо час і Беларусь — гэта розныя рэчы".
Самая бяскрыўдная і зразумелая прафесійная музычная прэмія Rock Profi паставіла кропку ў беларускай музыцы 2013 года. Працяг будзе.
Ян Максімовіч з Yellow Brick Road
"Тубсы"
Clover Club і вядучы Ілля Маліноўскі аб'яўляюць "Дэбют года"
"Серебряная Свадьба" і падрастаючае пакаленне
Стас Мурашка, Міхей Насарогаў і Цімафей Савіцкі
Віталь Зыблюк
"Крама"
Завяршаў свята дуэт "ЭВМ"