Родныя месяц не атрымлівалі звестак ад зняволенага па справе рэйкавых партызан

Нагадваем, беларускі суд накіраваў жыхара Светлагорска ў калонію на 23 гады / фота з сацсетак затрыманага
Нагадваем, беларускі суд накіраваў жыхара Светлагорска ў калонію на 23 гады / фота з сацсетак затрыманага

Родныя месяц не атрымлівалі звестак ад асуджанага па справе “рэйкавых партызан” жыхара Светлагорска Дзяніса Дзікуна, кажуць праваабаронцы “Вясны”.

Апошні ліст да сваякоў падпісаны 27 красавіка — Дзяніс даслаў яго з магілёўскай турмы, праз якую яго этапіравалі ў калонію. З таго часу ад яго ніхто не атрымліваў звестак.

Дзікун — адзін з трох асуджаных па гэтай справе. Суд накіраваў яго ў калонію на 23 гады. Дзікуна абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі  28 лютага — на чацвёрты дзень вайны ва Украіне.

Таксама яго асудзілі за “здраду дзяржаве” і рэгістрацыю ў плане “Перамога”. Працэспраходзіў у закрытым рэжыме.

Дзяніс Дзікун жыў у звычайнай сям’і. Яго бацька — кіроўца. Мама — пенсіянерка, у яе інваліднасць. Пасля яго затрымання ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явілася “пакаяльнае відэа”. На твары маладога чалавека былі выразна бачныя сляды збіцця.

 

Што гэта за “рэлейная шафа”, за якую даюць больш за 20 гадоў калоніі?

Калі гэтую апаратуру выводзяць з ладу, то цягнік з рэек не сыдзе, але на рамонт можа спатрэбіцца некалькі гадзін. Або некалькі сутак.

У Супольнасці чыгуначнікаў раней тлумачылі, што такое шафы ўпраўлення СЦБ. Калі такая шафа выгарала знутры, дыспетчар бачыў, што на ўчастку адбывалася нешта ненармальнае, і адпраўляў туды электрамеханіка. Той прыязджаў, дакладваў абстаноўку, прыступаў да рамонтных дзеянняў.

Рух у такім выпадку цалкам спыняўся да спецыяльнага распараджэння. Прапускная здольнасць рэзалася — ваенныя эшалоны рухаліся ў бок Украіны павольней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі